У Менску беларускія буракі прадаюць па Br 15 тыс.


Чыноўнікі абяцаюць урэгуляваць розніцу ў замежных і айчынных коштах, нават цаною дысцыплінарных пакаранняў.

Днямі старшыня ўраду Міхаіл Мясніковіч наведаў беларускія крамы. Там ён высветліў, што замежная садавіна і гародніна таннейшая за беларускую. “Капустай, якая нам каштуе 500 рублёў, кормяць скаціну, бо “Белкаапсаюз” не можа яе завезці ў горад на продаж. У Менску прадаюцца імпартавыя буракі, а нашыя гніюць на складах!” – заявіў ён на нарадзе.

Выходзіць, што імпатазамяшчэнне не спрацоўвае нават у галіне харчавання. Прэм’ер-міністр запатрабаваў, каб праблему вырашылі як мага хутчэй. “Мы павінны з гэтым змагацца. У тым ліку прыцягваць вінаватых да дысцыплінарных пакаранняў”, – сказаў чыноўнік.

“Белсат” высветліў, якая розніца паміж беларускімі і замежнымі прадуктамі ды чаму замежнае танней.

Напрыклад, у гіпердыскаўнтэры “Еўраопт” бананы з Эквадору каштуюць Br 5990, а беларуская бульба – Br 6990. У краме тлумачаць, што на новы ўраджай айчынны дастаўнік выставіў кошт вышэйшы, чым на бульбу з Егіпта. “Егіпецкая каштавала Br 4990, людзі яе ахвотней бралі”, – кажуць у даведкавым цэнтры. Што да аднолькавых тавараў, то памідоры з Малдовы каштуюць Br 7900, беларускія – Br 8200. Гэта тлумачаць тым, што для беларускіх памідораў “пакуль не сезон”, хоць большасць прадаўцоў вырошчваюць іх у цяпліцах.

У Менску сапраўды складана знайсці беларускія буракі. Толькі адзін гіпермаркет выставіў іх на продаж. Але кошт здзівіць кожнага: Br 14 930. “Што вы хочаце? Новы ўражай – новыя кошты!” – кажуць у “Гіпа”, але абяцаюць, што ўвосень гародніна патаннее.

На меркаванне навуковага супрацоўніка Інстытуту бульбаводства Нацыянальная Акадэміі навук Беларусі Івана Калядкі, дарагавізна беларускіх прадуктаў выкліканая не толькі крызісам, але і недасканалымі тэхналогіямі вырошчвання і захоўвання. “З тымі ж буракамі і бульбай – у нас больш за 40 % згнівае яшчэ да вясны, таму ў крамах часцей можна ўбачыць бульбу з Марока ці Егіпту, чым з Беларусі, – кажа ён. – Няма якасных нарыхтоўчых камбінатаў. Фермерскія гаспадаркі ідуць іншым шляхам – у іх прадукцыя і свежая, і вымытая, і запакаваная як след. Таму раскупляецца імгненна. Але фермаў занадта мала ў Беларусі, каб задаволіць патрэбы ўсіх спажыўцоў. Тут “Белкаапсаюзу” ды сельгаспрадпрыемствам трэба змяняць метады працы”.

Эканамістка Ірына Урбан кажа, што праграма імпартазамяшчэння не можа быць выкананая, як запланавалі чыноўнікі. “Наогул, ідэя імпартазамяшчэння досыць старая. Яе хацелі рэалізаваць на Захадзе пасля Другой сусветнай вайны, але спроба завершылася правалам. Бо імпартазамяшчэнне – штучнае навязванне бізнесоўцам таго, што яны рабіць не хочуць ці не ўмеюць. У той жа час убудаванне ў ланцужкі транснацыянальных карпарацыяў – нармальны сцэнар арганізацыі імпартазамяшчальнай вытворчасці”, – лічыць эксперт.

belsat.eu

Стужка навінаў