Злотнікаў: Раскол ва ўрадзе відавочны


Паводле эканаміста, сацыёлагі Лукашэнкі ствараюць міф пра ўдзел прыхільнікаў лібералізацыі з ураду РБ у сусветнай змове супраць Беларусі.

Урад гатовы да лібералізацыі ў эканоміцы, найбліжэйшае ж атачэнне Лукашэнкі лічыць, што да рэформаў урад схіляе “пятая калона”. Такое меркаванне эканаміста Леаніда Злотнікава. “Віцэ-прэм’ер Румас таксама рабіў заяву пра тое, што патрэбны свабодны рынкавы курс. Лукашэнка сказаў: “Міхаіл Уладзіміравіч, такі ўрад мне непатрэбны”, – гаворыць Злотнікаў. Ён нагадвае, што ліквідаваць раскол ва ўрадзе Беларусі рэкамендавала і кіраўніцтва Міжнароднага валютнага фонду.

“Шэраг блізкіх да інфармацыйна-аналітычнага цэнтру навукоўцаў пішуць, што сусветнае “закуліссе” пляце змову супраць былых рэспублік Савецкага Саюзу, то бок супраць краінаў СНД, каб адсюль выпампаваць рэсурсы, перадусім – энергетычныя. Прыдумалі крок: падбіць кіраўніцтва [гэтых краінаў] да рынкавых рэформаў, тады яны нас лёгка абгуляюць і ўсё задарма ад нас вывезуць”, – тлумачыць эканаміст.

Пры гэтым Леанід Злотнікаў падкрэслівае, што ў гэтай сітуацыі трэба казаць не пра “ролю Лукашэнкі”, а пра “ролю атачэння Лукашэнкі”. У гэтым кантэксце ён прыводзіць прыклад з абмеркаваннем валютнай праблемы ў адным з выданняў праграмы “Клуб рэдактараў” на Першым канале Беларускага тэлебачання, згадваючы прапановы ўдзельніка праграмы, доктара эканамічных навук Сяргея Пеліха. Апошні ў сваіх працах настойвае на ўвядзенні парытэтнага курсу долара (прыкладна ўтрая ніжэйшага за рынкавы), забароне звароту долара на тэрыторыі Беларусі ды выдачы валютных укладаў у беларускіх рублях паводле парытэтнага курсу.

belsat.eu

Стужка навінаў