У Кыргызстане раскапалі 1000-гадовую статую Буды


Кіргізска-расейская экспедыцыя знайшла паўтараметровую статую Буды ў позе лотаса. Археолагі мяркуюць, што яе ўзрост – ад 1000 да 1200 гадоў.

Археолагі з Акадэміі навук Кыргызстану некалькі месяцаў шукаюць будысцкі манастыр за 35 кіламетраў ад Бішкеку. Знойдзеная статуя Буды сведчыць пра тое, што на гэтай тэрыторыі сапраўды быў будысцкі манастыр у VIII–X стагоддзях – больш дакладна вызначыць яго ўзрост магчыма толькі пасля дэталёвага аналізу ўсіх знаходак.

“Гэтая скульптура – на два чалавечыя росты. То бок калі б яе можна было распрастаць, паставіць, то вышыня была б каля чатырох метраў”, – распавядае пра знойдзеную статую Буды кіргізскі археолаг Валерый Кольчанка.

Будысцкія святыні вельмі рэдка знаходзяць у горных раёнах Кыргызстану. Існаванне даісламскай будысцкай культуры задакументаванае далей на поўдзень – у Таджыкістане. Для Кыргызстану ж такія знаходкі – вельмі нетыповыя.

“Гэта вельмі карпатлівая праца – раскопваць гэты помнік, – і мы не можам цяпер дакладна назваць дату яго з’яўлення. Яго спачатку трэба цалкам раскапаць, толькі потым можна назваць дакладны час. Але цяпер мы можам датаваць гэтую бажніцу VIII–X стагоддзямі”, – апавёў журналістам прадстаўнік Эрмітажу Асан Таргоеў.

Мясцовыя ж жыхары прызвычаіліся да частых раскопак у сваім рэгіёне. Яны распавядаюць, што і да прыходу навукоўцаў нярэдка знаходзілі ў зямлі вырабы з металу, медзі, а таксама манеты.

belsat.eu

Стужка навінаў