«Я прыкінуўся мёртвым, каб ён больш не страляў у мяне» – сведчанне выжылага ў Стамбуле


Відэа нападу на начны клуб

Ліванец Франсуа аль-Асмар, цудам выжыў падчас нападу на начны клуб у Стамбуле.

«Я быў на вечарыне, выпіваў і… у пэўны момант хтосьці прыйшоў і расстраляў усіх у клубе. Спачатку мы пачулі адзіны стрэл. А праз секунду – аўтамат. Гэта было не доўга».

Сведка апісвае, як нападнік паліваў людзей аўтаматнай чаргой з аўтамата, укладваў людзей на падлогу. Некалькi чалавек выскачылі з вокнаў у Басфор, каб выратавацца.

Франсуа аль-Асмар

«Спачатку быў адзін стрэл і мне падалося, што гэта быў нейкі раззлаваны ці пʼяны чалавек, які стрэліў з пісталета. Потым мы пачулі аўтаматную чаргу. Пасля першага ж стрэлу мы ўсе пападалі на падлогу. Я схаваўся на падлозе пад сталом, але відаць маё плячо выставала. Ён страляў менавіта па нізе, не ўверх, у паветра, а па падлозе, дзе мы ўсе ляжалі. Калі б і я ляжаў, то напэўна мяне б забілі, але некаторы час я сядзеў, таксама ў той момант, калі куля трапіла ў мяне. Потым я ўпаў на падлогу. Я рабіў выгляд, што я забіты, каб нападнік не страляў у мяне больш»

Нападнік – «адзінокі воўк»?

У выніку ўзброенага нападу на начны клуб Reina у навагоднюю ноч загінулі 39 асобаў, у тым ліку працаўнік паліцыі. Яшчэ 69 асобаў атрымалі раненні, сярод iх – грамадзяне розных краінаў. Чацвёра з гаспiталiзаваных знаходзяцца ў крытычным стане.

Зламыснік адкрыў агонь па наведвальніках начнога клубу ў гарадскім раёне Ortakoy ў першыя гадзіны Новага года.

Паводле папярэдняй інфармацыі, 11 з загінулых былі грамадзянамі Турцыі, адзін – турэцка-бельгiйскi падданы. 7 ахвяраў былі з Саудаўскай Аравіі. Трое загiнуўшых былi грамадзянамі Лівана, трое з Ірака. Загiнулi таксама па двое грамадзянаў Тунісу, Індыі, Марока і Іярданіі. Таксама апазнаныя целы грамадзян Кувейта, Канады, Ізраіля, Сірыі і Расеі. Адна ахвяра застаецца неапазнанай.

Турэцкія чыноўнікі яшчэ не паведамiлi імёны загiнуўшых.

Турэцкая паліцыя разгарнула масіўную аперацыю па пошуках збеглага нападніка i яго змоўшчыкаў. Некалькi дзён таму ў інтэрнэце зʼявілася паведамленне ад пра-ісламскай групы, якое заклікала «адзінокіх ваўкоў» да нападаў на «святах, сходах і ў клубах».

ВД, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары