Сеанс сацыялагічнага гіпнозу


Паводле сацыялагічнага апытання, што сёлета ў чэрвені правёў Інфармацыйна-аналітычны цэнтр Адміністрацыі прэзідэнта, 58 % беларусаў задаволеныя сваім жыццём і ва ўмовах эканамічнага крызісу надзеі на паляпшэнне эканамічнай сітуацыі звязваюць з рашэннямі прэзідэнта. Незалежныя эксперты, між іншага, адзначаюць, што да гэтых лічбаў трэба ставіцца з асцярогаю.

“Калі няма ананімнасці, то не можа быць і аб’ектыўнасці”, – зазначае незалежны сацыёлаг Аляксандр Сасноў. Эксперт звяртае ўвагу, што тэлефоннае апытанне дае прывязанне да канкрэтнага тэлефоннага нумара, нумар – да канкрэтнага адрасу, а адрас – да канкрэтнай асобы: “І ў гэтым сэнсе праводзіць сацыялагічныя даследаванні праз тэлефон у нашай краіне і прэтэндаваць на аб’ектыўнасць, мякка кажучы, несур’ёзна”.

Палітолаг Аляксандр Класкоўскі адзначае, што ў палітызаваным і расколатым грамадстве, якое сёння ў Беларусі, толькі вельмі смелы чалавек наважыцца праўдзіва адказваць на пытанні па званку з Адміністрацыі прэзідэнта. “У краіне, дзе дзяржаўная палітыка стабілізацыі сітуацыі базуецца менавіта на рэпрэсіях (мы гэта бачым ужо паўгода “нон-стоп”, пачынаючы з Плошчы), фактар страху спрацоўвае вельмі моцна”, – упэўнены палітолаг. Па словах эксперта, яшчэ пару гадоў таму незалежныя сацыёлагі ўказвалі на тое, што “каэфіцыент страху” ў беларускім грамадстве складае 12–14 %. Цяпер гэтая лічба можа быць і вышэйшая, мяркуе Аляксандр Класкоўскі.

Эксперты таксама зазначаюць, што праўладных сацыёлагаў цісне прапагандысцкі фактар. “Афіцыйныя сацыёлагі могуць увогуле нікога не апытваць, а напісаць любую лічбу. Сэнс іхнае працы не ў тым, каб даведацца пра настрой грамадства, а ў тым, каб дагадзіць вышэйшым асобам. Таму іхныя звесткі для мяне не вартыя даверу”, – зазначае Аляксандр Сасноў.

Палітолаг Аляксандр Класкоўскі звяртае ўвагу на тое, што лічбы ад прэзідэнцкага інфармацыйна-аналітычнага цэнтру з’явіліся толькі цяпер, хоць апытанне правялі яшчэ ў чэрвені, тады як Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў апублікаваў звесткі свайго чэрвеньскага апытання тры тыдні таму. Па-сутнасці, цяпер яны імкнуцца перабіць рэзананс ад тых аглушальных лічбаў НІСЭПД, што зафіксавалі рэзкае падзенне даверу насельніцтва да ўлады, зазначае палітолаг. “Гэта сеанс своеасаблівага гіпнозу, каб прапагандысцкімі лічбамі супакоіць грамадскае меркаванне і разам з тым яшчэ раз ухваліць аўтарытарную мадэль кіравання. Маўляў, прэзідэнт даў загад, і ўсё пачало працаваць як трэба”, – адзначае Аляксандр Класкоўскі.

Паводле нацыянальнага апытання, праведзенага НІСЭПД сёлета ў чэрвені, 73,4 % беларусаў адзначылі, што іхнае матэрыяльнае становішча за апошнія тры месяцы пагоршылася. 53, 8% рэспандэнтаў заявілі пра свой недавер прэзідэнту. Сацыёлагі адзначаюць, што такое падзенне рэйтынгу першай асобы дзяржавы зафіксаванае ўпершыню за апошнія некалькі гадоў.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары