«Не ўяўляем свайго існавання без Расеі»


Адразу тры беларускія арганізацыі заявілі пра далучэнне да Агульнарасейскага народнага фронту (АНФ).

АНФ – гэта палітычная платформа, якая цяпер вельмі актыўна папулярызуецца ў расейскім грамадстве. Апаненты расейскіх уладаў, у прыватнасці Барыс Нямцоў, называюць гэтую ініцыятыву прапуцінскай і створанай адмыслова да выбараў: спачатку да парламенцкіх, а пасля і прэзідэнцкіх. І вось прыхільнікі АНФ загаварылі пра выхад на міжнародны ўзровень. У інтэрв’ю выданню «Ведомости» куратар партклубаў «Единой России» Юрый Шувалаў адзначыў: «АНФ – грамадскі рух, а не палітычная арганізацыя, таму ён можа выйсці на міжнародны ўзровень, уключыўшы грамадскія арганізацыі краінаў былога СССР».

Пра сваю гатоўнасць далучыцца заявілі і беларускія арганізацыі – гэта інфармацыйна-аналітычны партал «Імперыя», праект «Заходняя Русь» і ГА «Новая эканоміка», якія месцяцца ў Менску. Першыя дзве арганізацыі ўпэўнена адстойваюць прарасейкія інтарэсы ў Беларусі. У заяве аб далучэнні да АНФ кіраўнік «Заходняй Русі» Ігар Зелянкоўскі адзначыў: «Мы лічым Агульнарасейскі народны фронт саспелай ініцыятывай, якая павінна аб’яднаць усіх, хто не ўяўляе свайго існавання без свабоднай і незалежнай Расеі – радзімы ўсіх яе народаў».

Якія мэты ставяць перад сабою чальцы гэтых арганізацыяў? На меркаванне старшыні ГА «Рускі дом» і чальца каардынацыйнай рады «Заходняй Русі» Андрэя Герашчанкі, найперш гэта засваенне культурнай прасторы. «Мы зацікаўленыя ў культурнай інтэграцыі з Расеяй. Аб’яднанне з Фронтам дасць нам дадатковую пляцоўку для дыскусіі», – кажа Андрэй Герашчанка. На ягоную думку, АНФ ствараўся для таго, каб прааналізаваць тэндэнцыі ў новай Расеі, каб аб’яднаць людзей. «Гэтак, найбольшую сілу там мае цяпер «Единая Россия», – разважае суразмоўца. – Але Пуцін пакуль не заявіў пра свае прэзідэнцкія амбіцыі. Магчыма, пасля гэтага АНФ набудзе выключна палітычную скіраванасць. Пакуль жа расейскі прэм’ер прымерваецца да людзей, ездзіць па краіне і вывучае, які мае аўтарытэт. Хоць і без гэтага вядома, што большасць яго падтрымлівае».

Гэта ў адным з інтэрв’ю пацвярджае і эксперт Народнага клубу, дэпутат ад «Единой России» Сяргей Маркаў: «Сем грамадскіх арганізацыяў з Малдовы, Беларусі, Латвіі ды Фінляндыі заявілі пра ўступленне ў АФН – усе хочуць быць у сяброўстве з Уладзімірам Пуціным, ён у бліжэйшым замежжы нават папулярнейшы, чым у Расеі».

Дарэчы, КПРФ, ЛДПР, «Яблоко» і «Справедливая Россия» ў свой час адмовіліся ад уступлення ў Народны фронт.

belsat.eu

Стужка навінаў