Станіслаў Багданкевіч: «Святая лічба» $ 500 можа дорага каштаваць Беларусі


Вонкава прывабныя лічбы сярэдняй заработнай платы могуць аказацца сапраўдным эканамічным правалам – мяркуе экс-старшыня Нацбанку Беларусі.

Былы старшыня Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч заявіў, што з эканамічнага пункта гледжання сярэдні заробак памерам 500 долараў сёння немагчымы. “Для дасягнення такога паказчыку прадпрыемствы мусяць значна павялічыць вытворчасць і пры гэтым яшчэ ўмудрыцца прадаць сваю прадукцыю. Таксама мусяць кардынальна знізіцца падаткі. Я ж ніякіх патэнцыяльных эканамічных прарываў у нашай эканоміцы да канца гэтага года не бачу”, – падкрэсліў эксперт.

Павышэнне сярэдняга заробку да 500 долараў у свой час Аляксандр Лукашэнка назваў “святою лічбаю” і галоўнаю мэтаю, дасягненнем якой мае скончыцца пяцігодка. У выканальнасці гэтых планаў упэўнены таксама намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур. “Сярэдняга заробку да 500 долараў мы дасягнем, – адзначыў чыноўнік падчас прэс-канферэнцыі. – Перакананы, што на канец 2010 г. рост валавога ўнутранага прадукту складзе плюс 11–12 %, а інвестыцыі ў асноўны капітал вырастуць на 23–25 %”.

Калі кіраўнік краіны і ўрад стрымаюць слова, незалежныя эксперты прадракаюць правал нацыянальнай эканомікі.

У інтэрв’ю “Белсату” Станіслаў Багданкевіч адзначыў: “Ёсць некалькі варыянтаў, як можна забяспечыць “святую лічбу”. Першы – амерыканскі долар у снежні будзе каштаваць не Br 3000, а напрыклад, Br 2300. Праўда, пры гэтым беларускія экспарцёры (а наша эканоміка трымаецца менавіта на экспарце) проста ляцяць у бездань, з якой потым будзе выбрацца вельмі цяжка. Спосаб другі – штучна павялічваецца рублёвая маса, і такім чынам механічна сярэдні заробак павялічваецца да запаветнай лічбы. Але гэтая рублёвая маса непазбежна спараджае гіперінфляцыю, якая абясцэньвае беларускую грашовую адзінку з усімі прадказальнымі наступствамі. І апошні – можна проста залезці ў “засекі” – золата-валютныя рэзервы. Паводле нашай метадалогіі, яны складаюць у пераліку на долары 6 млрд. Паводле метадалогіі Міжнароднага Валютнага Фонду, гэтая лічба больш сціплая – больш за 5 млрд долараў. І калі ўрад пратрымае сярэдні заробак памерам 500 долараў такім вось чынам хаця б паўгода, то трэба паменшыць свае ЗВР удвая!”

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары