Рух «За свабоду» будзе дамагацца вызвалення Мікіты Ліхавіда


Пікеты ў падтрыманне Мікіты Ліхавіда плануецца правесці ў 25 гарадах краіны.

Акцыі пройдуць у тым ліку і ў Наваполацку, дзе адбывае пакаранне актывіст руху «За свабоду», а таксама ў пяці раёнах сталіцы. Заяўку на правядзенне пікету на Кастрычніцкай плошчы Менску падпісаў кіраўнік руху Аляксандр Мілінкевіч.

«Вядома, спадзяванняў на тое, што нам дазволяць правесці гэтыя пікеты, вельмі мала. Улада не любіць, калі ёй нагадваюць пра існаванне вязняў сумлення. Але мы абавязаныя гэта рабіць», – заявіў «Белсату» Аляксандр Мілінкевіч. Палітык адзначае, што рух «За свабоду» падтрымлівае ўсіх палітзняволеных: «На Мікіту мы акцэнтуем увагу, бо ён наш. І тое, як адміністрацыя калоніі ставіцца да 21-гадовага хлопца, не можа не абураць. Тыя, хто сядзеў у турме, ведаюць, што перанесці карцар гэтак жа складана, як і галадоўку. А Мікіта Ліхавід пакараны ШІЗА ўжо пяты раз».

Аляксандр Мілінкевіч паведаміў, што бліжэйшым часам таксама збіраецца наведаць спецустанову, каб пераканаць кіраўніцтва, што рэжым не мусіць быць такім бязлітасным і што паслясудовы пераслед Мікіты Ліхавіда мае быць спынены. Калі ж адміністрацыя калоніі не спыніць пераслед актывіста, рух «За свабоду» будзе звяртацца ў Еўразвяз, каб гэтых людзей унеслі ў спісы неўязных. Галоўная ж мэта кампаніі салідарнасці – дамагчыся вызвалення Мікіты Ліхавіда і астатніх палітвязняў, падкрэслівае палітык.

Актывіста руху «За свабоду» Мікіту Ліхавіда асудзілі за ўдзел у Плошчы на 3,5 гады пазбаўлення волі. Юнак называе сабе незаконна асуджаным і адмаўляецца выконваць распараджэнні адміністрацыі калоніі. За гэта яго караюць карцарам – з двух месяцаў утрымання ў Наваполацкай калоніі № 10 толькі 8 дзён юнак правёў так бы мовіць «на волі».

belsat.eu

Стужка навінаў