Апазіцыя хоча дыялогу, аднак на дыялог не спадзяецца


Апазіцыйныя палітыкі прапаноўваюць генпракурору, а таксама старшыням Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў Беларусі абмеркаваць на супольнай сустрэчы пытанні «татальнага парушэння правоў і свабодаў у Беларусі». Адпаведную прапанову ў пісьмовым выглядзе перадалі 15 ліпеня ў Генпракуратуру, Канстытуцыйны і Вярхоўны суды лідар Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін, кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, лідар кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, намеснік старшыні руху «За свабоду» Віктар Карняенка і сустаршыня аргкамітэту стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі.

Як паведаміў Анатоль Лябедзька, лісты, адрасаваныя розным ведамствам, адрозніваюцца. «Калі да пракуратуры мы звярталіся, каб абмеркаваць брутальныя дзеянні сілавікоў, то на разгляд кіраўніка Канстытуцыйнага суда выносім пытанне пра тое, што канстытуцыя сёння стала простаю паперкаю, калі 40 % артыкулаў не дзеюць цалкам або часткова», – патлумачыў кіраўнік АГП. У Вярхоўным судзе лідары партыяў, паводле Лябедзькі, хацелі б абмеркаваць «праблему судовай сістэмы, якая стала часткаю карнага апарату».

Рэакцыя на гэтыя лісты, на думку Лябедзькі, будзе «лакмусаваю паперкаю». «Калі яны самастойныя ў прыняцці рашэнняў, то пойдуць на гэтую сустрэчу», – мяркуе лідар АГП.

Сустаршыня аргкамітэту стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі на адказ не разлічвае. На ягоную думку, падпісаны зварот – «гэта ацэнка таго, што адбываецца ў краіне, і папярэджанне людзям, якія займаюць гэтыя будынкі, што іхныя дзеянні незаконныя».

belsat.eu

Стужка навінаў