Ахвяры тэракту не атрымалі грошай з дабрачыннага рахунку


Уся дапамога, якая аказваецца цяпер, ідзе з дзяржаўнага бюджэту.

Нагадаем, што пасля выбуху 11 красавіка ў менскім метро аператыўна быў створаны дабрачынны рахунак у банку, куды ўсе ахвочыя маглі накіраваць грошы на падтрыманне пацярпелых. Агулам было сабрана больш за Br 4,4 млрд, RUR 450 000, € 1000, $ 9210. З часу тэракту мінула тры месяцы, але ніводны рубель не быў пералічаны ахвярам тэракту.

Намеснік старшыні камітэту працы, занятасці ды сацыяльнай абароны насельніцтва Менгарвыканкаму Наталля Праскурава патлумачыла, што каб грошы дайшлі да людзей, спачатку трэба стварыць адмысловую камісію. “Гэтая камісія мусіць вырашыць, каму і колькі грошай мы маем перавесці. Але дапамога ажыццяўляецца і цяпер. На гэта вылучаныя грошы з бюджэту”.

Чаму за тры месяцы Менгарвыканкам не здолеў стварыць камісіі ды чаму не выкарыстоўваюцца вольныя грошы з рахункаў, калі ў краіне крызіс, – на гэтыя пытанні чыноўніца адказаць не змагла. Пакуль вядома толькі, што ў Менгарвыканкаме вырашылі, што сродкі ад насельніцтва пойдуць на ўвечненне памяці загінулых, афармленне надмагілляў, закуп пратэзаў імпартнай вытворчасці для пацярпелых.

Па каментар “Белсат” звярнуўся і да адмыслоўца Кантрольна-рэвізійнага кіраўніцтва пры Міністэрстве фінансаў – на просьбу крыніцы не падаем ягонага прозвішча. Адмысловец кажа, што грошы ляжаць у банку і імі будуць распараджацца чыноўнікі гэтак, як палічаць патрэбным. “Банку выгадна мець такую суму. Хоць, вядома ж, нелагічным выглядае тое, што з бюджэту, дзе не хапае сродкаў, вылучаюць дадатковыя грошы на рэабілітацыю пацярпелых. Пад гэта створаны нават новы ўказ прэзідэнта. У ім прапісана, што ахвяры тэракту маюць права на бясплатнае медычнае абслугоўванне і рэабілітацыю за кошт дзяржсродкаў, – па сутнасці, гэта тое, што дзяржава ад пачатку гарантуе грамадзянам”, – паведаміў суразмоўца.

А вось дадатковыя сродкі сапраўды патрэбныя пацярпелым ад тэракту. Сваякі Яраслава Пясецкага, які падчас выбуху ў метро страціў абедзве нагі, адкрылі асобны іменны дабрачынны рахунак. Патрэбныя сродкі на лячэнне і пратэзаванне. Адзін пратэз каштуе больш за Br 50 млн. Хлопца падтрымліваюць сябры, якія вучыліся з ім. “Я вучыўся з сястрою Ярэка Пясецкага – Веранікаю. А мая старэйшая сястра – з братам Паўлюком, – кажа моладзевы актывіст Франак Вячорка, які праз свой блог заклікаў пераводзіць грошы на дабрачынны рахунак. – Можна сказаць, мы сябравалі сем’ямі. Гэта надзвычай шчырыя, адказныя, свядомыя людзі. Сапраўдныя беларусы”.

belsat.eu

Стужка навінаў