Генпракурор нагадаў кіраўніку МУС аб правах журналістаў


Генеральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч накіраваў міністру ўнутраных справаў Анатолю Куляшову ліст у сувязі з заяваю журналістаў, што прыйшла ў Генпракуратуру 13 ліпеня. Яна звяртае ўвагу на неабгрунтаваныя затрыманні прадстаўнікоў медыяў падчас масавых акцыяў.

Як паведамілі ў Генеральнай пракуратуры, у лісце пазначана, што правы і абавязкі журналістаў акрэслівае закон “Аб сродках масавай інфармацыі”, згодна з якім журналіст мае права прысутнічаць на заданне рэдакцыі на масавых акцыях і перадаваць адтуль інфармацыю.

Пры гэтым, як зазначаюць у Генпракуратуры, “журналіст абавязаны выконваць патрабаванні заканадаўства, паважаць правы, свабоды і законныя інтарэсы фізічных і юрыдычных асобаў, прад’яўляць на патрабаванне падчас ажыццяўлення прафесійнай дзейнасці службовае пасведчанне. Замежныя журналісты могуць ажыццяўляць дзейнасць толькі пры наяўнасці акрэдытацыі ў Рэспубліцы Беларусь”.

Працаўнікі органаў унутраных справаў у адпаведнасці з арт. 25 закону “Аб органах унутраных справаў Рэспублікі Беларусь” маюць паўнамоцтвы часова абмежаваць або забараніць доступ грамадзянаў на асобныя ўчасткі мясцовасці ды аб’екты, а таксама маюць права абавязаць пакінуць вызначаныя месцы для гарантавання асабістай і грамадскай бяспекі. Згаданыя паўнамоцтвы могуць быць рэалізаваныя і ў дачыненні прадстаўнікоў медыяў, зазначылі ў Генпракуратуры.

Пры гэтым у Генпракуратуры мяркуюць неабходным улічваць, што “дзейнасць журналістаў пры зборы і перадачы інфармацыі носіць прафесійны характар і грунтуецца на нормах заканадаўства”.

Генеральны пракурор выказаўся за гарантаванне выканання заканадаўства гэтак, каб “і працаўнікі праваахоўных органаў, і журналісты маглі выконваць ускладзеныя на іх абавязкі ды рэалізоўваць свае правы, замацаваныя ў згаданых законах”.

Паводле фактаў прыцягнення журналістаў да адміністратыўнай адказнасці даручана правесці праверку, паведамілі ў Генпракуратуры.

belsat.eu

Стужка навінаў