Прысуд Саннікаву пакінулі ў сіле (дапоўнена)


Акрамя яго, на змяненне прысуду спадзяваліся ўдзельнікі мітынгу 19 снежня 2010 г. Алег Гнедчык, Уладзімір Яроменка, Ілля Васілевіч і Фёдар Мірзаянаў.

Рашэнне суда не стала сюрпрызам для жонкі экс-кандыдата на прэзідэнта, журналісткі Ірыны Халіп: “Нічога нечаканага не адбылося. Гэта лагічны канец гісторыі, і мне падаецца, што гэта нават да лепшага: у тых, хто меў надзею, што рэжым пойдзе насустрач, такіх спадзяванняў ужо няма. Цяпер яны ўбачаць, што ніякіх саступак не будзе”.

Ірына нагадала, што 19 ліпеня будзе разгледжаная ейная касацыйная скарга паводле прысуду. Журналістка ўпэўненая ў аналагічным выніку разгляду справы. Пры гэтым яна падкрэсліла, што мае намер да канца змагацца за справядлівы прысуд. Халіп нават не выключае, што будзе звяртацца ў Камітэт ААН у правах чалавека.

****

Суддзі – Сяргей Хрыпач, Вікторыя Зайцава, Вольга Камароўская, пракурор – Антон Загароўскі.

Абвінавачаныя на судзе не прысутнічаюць, бо адбываюць пакаранне ў папраўчых установах.

Адвакат заявіў хадайніцтва аб выкліку Саннікава на разгляд скаргі. Абарона таксама папрасіла далучыць да справы справаздачу Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЕ пра ход выбараў прэзідэнта, бо там даецца ацэнка выбараў, якая супярэчыць выснове суда.

Пасля непрацяглай нарады суддзі пастанавілі адмовіць у першым хадайніцтве – даставіць Саннікава ў суд, але задаволіць другое – аб далучэнні да справы справаздачы БДІПЧ АБСЕ.

14 траўня суд Партызанскага раёну Менску пад старшынёўствам суддзі Наталлі Чацвяртковай прызнаў Саннікава вінаватым на падставе арт. 293 ч. 1 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя масавых беспарадкаў) і прыгаварыў яго да 5 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Экс-кандыдат на прэзідэнта адбывае пакаранне ў Наваполацкай калоніі.

Алег Гнедчык атрымаў 4 гады ўзмоцненага рэжыму, Уладзімір Яроменак, Ілля Васілевіч і Фёдар Мірзаянаў – 3 гады зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

belsat.eu

Стужка навінаў