«Гопнікі» з ФСБ? Наўрад ці


Ідэнтыфікаваць людзей у цывільным, якія штосераду хапаюць людзей на вуліцах беларускіх гарадоў, або проста “гопнікаў”, як іх называюць з-за характэрнага выгляду, да гэтай пары не атрымалася. Праўда, падчас апошняга хапуна некаторыя з іх назваліся затрыманым… прадстаўнікамі расейскіх спецслужбаў.

Такая гісторыя здарылася з журналісткаю Марыяй Мялёхінаю. Пасля затрымання яе абшукалі, сканфіскавалі фотаапарат, а калі рэпарцёрка спаслалася на беларускае заканадаўства, то атрымала дзіўны адказ: “Мы расейскія спецслужбы, у нас сваё заканадаўства, таму нам нічога за гэта не будзе”.

У адной з расейскіх спецслужбаў такая інфармацыя выклікала шчырае здзіўленне: “Як такое можа быць? Гэта ж уявіце, што ў нас на Краснай плошчы працаўнікі вашага КДБ разганяюць нейкі несанкцыянаваны мітынг… Нейкі нонсенс. Нічога, акрамя правакацыі, гэта за сабою не хавае. Нічога, акрамя пагаршэння міжнацыянальных дачыненняў, гэта не пацягне… Гэта не прывядзе ні да чаго добрага”, – упэўнены дзяжурны афіцэр прыёмнай ФСБ Сувораў.

Былы афіцэр КДБ Беларусі Валер Костка таксама мяркуе, што ўдзел расейскіх спецслужбаў у хапуне мірных дэманстрантаў у Менску малаімаверны. “Расейскі спецназ мае дастаткова працы ў сябе – лепш хай беларускія спецслужбы паедуць на стаж у Расею. Нашыя ўлады могуць наняць нейкіх наёмнікаў, якія будуць супрацьстаяць мірнаму насельніцтву, але прафесійных спецназаўцаў, спецслужбоўцаў нашыя наняць не могуць, бо для ўжывання гэтых сілаў на тэрыторыі іншай краіны мае быць палітычнае рашэнне кіраўніцтва той краіны, адкуль яны прыходзяць, адкуль яны наймаюцца”.

А беручы пад увагу сённяшнія дачыненні Менску і Масквы, гэта зусім малаімаверна.

Выглядае, што “гопнікі” ў цывільным – нашыя суграмадзяне і суседзі.

belsat.eu

Стужка навінаў