Чаргавікам дапамогуць адрасна


«Дзяржава свае абавязацельствы перад чаргавікамі выконвала і будзе выконваць, каб не зніжаць аб’ёмаў будаўніцтва для грамадзянаў, якія стаяць на ўліку і маюць права на дзяржаўную дапамогу », – заявіў начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Беларусі Аляксандр Горваль.

Праўда, выконваць гэтыя абавязацельствы дзяржава будзе не коштам ільготных крэдытаў, выдача якіх у Менску з сярэдзіны чэрвеня прыпыненая, а шляхам адраснай дапамогі. «Калі мы летась пабудавалі каля 3,2 мільёнаў квадратных метраў жытла для тых, хто мае ў гэтым патрэбу, то і сёлета стаіць задача гэты аб’ём выканаць», – падкрэсліў чыноўнік.

Міжтым пакуль назіраецца адчувальнае скарачэнне будаўніцтва ў цэлым. Паводле Аляксандра Горваля, «за шэсць месяцаў пабудавалі 2,664 мільёны квадратных метраў жытла, або 36 % ад гадавога задання». Гэта на 17 % менш, чым за аналагічны перыяд летась. Прычым самая горшая сітуацыя ў Магілёўскай вобласці і Менску.

Міністэрства будаўніцтва і архітэктуры вырашае цяпер задачу, як стрымаць рост кошту квадратнага метра. Прычым не заўсёды гэты рост, на думку чыноўніка, абумоўлены аб’ектыўнымі прычынамі. «Мы сутыкаемся з тым, што шэраг будаўнічых арганізацыяў робіць найпрасцейшым чынам: змяніўся курс беларускага рубля ў адносінах да валюты на 60 %, гэта значыць, што як мінімум на 60 % змяняецца кошт», – заявіў начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі. Паводле яго, «ёсць такія, хто і ў 2–2,5 разы павялічыў кошт, спасылаючыся на тое, што па неафіцыйным курсе валюта набываецца». У такіх выпадках міністэрства нагадвае пра сваю пазіцыю: «Змена кошту мае адбывацца ў межах тых аб’ектыўных параметраў, якія сёння існуюць», – падкрэсліў Аляксандр Горваль.

belsat.eu
https://youtu.be/C8cKQW5_wzk

Глядзі таксама
Каментары