Замест прыёму ў Макея трапіла ў ІЧУ


Бабруйчанка Галіна Баркоўская запісалася на прыём да кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Уладзіміра Макея за 2 тыдні да ягонага прыезду ў горад. Аднак трапіла не да чыноўніка, а ў мясцовы ізалятар часовага ўтрымання.

Уладзімір Макей прыбыў у Бабруйск 13 ліпеня. Акрамя яго «маніторылі сітуацыю» намеснік міністра юстыцыі Аляксандр Сіманаў, намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Валерый Міцкевіч, намеснік генеральнага пракурора Аляксей Стук, намеснік старшыні Вярхоўнага суда Валерый Калінкавіч і начальнік галоўнага дзяржаўна-прававога ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта Валерый Дарашкевіч.

Паводле дзяржаўных медыяў, дэлегацыя прыехала, каб праверыць, як мясцовыя ўлады рэагуюць на звароты грамадзянаў, і правесці «выязны прыём» у ААТ «Славянка». «Мне выдалі талончык на прыём да Макея і папярэдзілі, што ён пачнецца а 10:00. У названы час я прыйшла на фабрыку, аднак мне заявілі, што кіраўнік Адміністрацыі мяне прыняць, магчыма, не паспее, і прапанавалі прайсці да намесніка міністра юстыцыі Аляксандра Сіманава», – распавяла «Белсату» Галіна Баркоўская.

Жанчына з прапановаю пагадзілася, аднак прадстаўнік міністэрства юстыцыі, вывучыўшы дакументы наведніцы (Галіна Баркоўская аспрэчвае ў судах сваё звальненне з працы), заявіў, што дапамагчы ёй можа генпракурор. І параіў жанчыне аддаць дакументы Уладзіміру Макею, каб той перадаў іх у Генеральную пракуратуру.

Галіна Баркоўская выправілася ў калідор чакаць, калі вызваліцца кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта. Перыядычна з кабінету, дзе вёў прыём Уладзімір Макей, выходзілі ягоныя памочнікі і запэўнівалі, што чыноўнік хутка яе прыме, гаворыць жанчына. Аднак калі час прыёму грамадзянаў скончыўся, афіцэр міліцыі загадаў падначаленым: «Убярыце яе!»

Галіну Баркоўскую схапілі за рукі і літаральна волакам выцягнулі на вуліцу: «Я ў іх прасіла, каб не цягнулі, што пайду сама. Але ўсё марна». Па выкліку міліцыянтаў прыехала машына ДАІ, якая і завезла жанчыну ў ізалятар часовага ўтрымання. Ноч Галіна Баркоўская правяла ў ІЧУ, а прыкладна а 10:00 яе завезлі ў суд. На жанчыну склалі пратакол за непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі. Аднак разгляд справы з ініцыятывы суддзі так і не адбыўся.

Ці будзе ейная адміністратыўная справа мець працяг, Галіна Баркоўская пакуль не ведае. Таксама жанчына цяпер вырашае, ці варта ёй зафіксаваць у медыкаў нанесеныя міліцыянтамі пашкоджанні (у выніку брутальнага затрымання на руках засталіся сінякі і драпіны) і напісаць скаргу ў суд.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары