«Гарызонт» і «Віцязь» – лідары паводле стратнасці


Вядучая галіна беларускай эканомікі – радыёэлектроніка – пайшла на дно.

Паводле Міністэрства фінансаў, страты “Гарызонту” склалі 19,1 млрд руб. На другое месца ў сумным спісе былых флагманаў радыёэлектроннай прамысловасці трапіў “Віцязь” (10,3 млрд руб. у мінусе). Закрываюць спіс Гомельскі радыёзавод і “Ратон”, абодва маюць страты каля 3 млрд руб.

“Беларуская прамысловасць заходзіць у тупік свайго развіцця, – патлумачыў эканаміст Міхаіл Залескі. – Сёння самыя буйныя прадпрыемствы аказаліся ў спісе стратных. Беларускія вытворцы радыёэлектронікі сёння не вытрымліваюць канкурэнцыі з замежнымі імпарцёрамі. Мадэрнізацыя прадпрыемстваў адстае, новыя тэхналогіі прыходзяць са значным спазненнем. На беларускім рынку “Гарызонт” і “Віцязь” –фактычна манапалісты. Няма канкурэнцыі, каб маркетолагі працавалі якасна”.

Складаная сітуацыя склалася і ў будаўнічай галіне. У цяжкім становішчы аказаліся Бярозаўскі камбінат сілікатных вырабаў, Гарадзенскі камбінат будматэрыялаў і “Смаргоньсілікатбетон” са стратамі 4 млрд руб.

Дарэчы, віцебская абутковая фабрыка “Чырвоны кастрычнік”, якую набыў бізнесовец Мікалай Мартынаў, сёлета аказалася ў плюсе: прыбытак склаў 4,4 млрд руб.

belsat.eu

Стужка навінаў