Чарговыя спробы лібералізацыі цэнаў?


Міністэрства эканомікі прыняло рашэнне адмовіцца ад адміністратыўнага рэгулявання коштаў на сацыяльна значныя тавары.

Паводле дырэктара дэпартаменту цэнавой палітыкі Міністэрства эканомікі, было рашэнне не падаўжаць тэрміну «замарожвання» цэнаў. “У гэтай сітуацыі важна разумець, што захады адміністратыўнага рэгулявання мусяць быць вельмі тонкімі і гнуткімі», – кажа спадар Фамін.

Каментуючы рашэнне Мінэканомікі, адмысловец Сяргей Балыкін гаворыць, што «размарожванне» коштаў не азначае іх абавязковага павышэння. Аднак расці яны ўсё ж будуць з-за нежадання дзяржавы выкарыстоўваць рынкавыя механізмы. «Нявырашаныя праблемы ў сферы валютнага рэгулявання, дзяржаўны манапалізм і рэгуляванне рынку, вялікі попыт на харчовыя тавары з боку суседніх краінаў з-за скажонага курсу беларускага рубля – вось гэтыя фактары ўплываюць на рост коштаў», – падкрэслівае ён.

Міжтым прадстаўнік Міністэрства эканомікі Ігар Фамін ускосна пацвердзіў, што рост коштаў непазбежны. Чыноўнік заявіў: “сама эканамічная логіка падказвае, што калі мы ідзем да адзінай эканамічнай прасторы, то мусім ліквідаваць дыспарытэт коштаў з Расеяй і Казахстанам”. І яшчэ раз параіў беларусам адвыкаць ад стабільнасці і пачынаць жыць па сродках.

Згодна з пастановай ураду № 676 кошты на сацыяльна значныя тавары былі «замарожаныя» на тэрмін да 90 дзён. Сярод іх: рыба (акрамя далікатэснай), асобныя гатункі сыроў, каўбасаў і сасісак, крупаў, шэраг найменняў садавіны і гародніны, а таксама мыйныя сродкі.

belsat.eu
https://youtu.be/5rZkXRdrMZg

Глядзі таксама
Каментары