Новая хваля масавых праверак


Аддзел барацьбы з эканамічнай злачыннасцю (АБЭЗ) распачаў змаганне з пірацтвам на камп’ютарах.

Фармальна, каб ажыццявіць праверку, прадпрыемства мусяць загадзя папярэдзіць. На пачатку года Камітэт дзяржкантролю на сваім сайце падаваў інфармацыю пра планавыя праверкі на прадпрыемствах. Але заўсёды ёсць магчымасць прыйсці раптоўна – дзеля гэтага дастаткова скаргі.

Прадстаўніцтва камп’ютарных праграмаў “Autodesk” цяпер разам з АБЭЗ шукаюць парушальнікаў. Вось які ліст атрымалі некаторыя фірмы, прэзентаваныя на адным з інфармацыйных парталаў: “Паважаныя карыстальнікі proekt.by! Цяпер у РБ ідуць аблавы АБЭЗ сумесна з прадстаўнікамі “Autodesk”, прычым вельмі жорстка адбіраюць кампутары і выстаўляюць штрафы. Адміністрацыя proekt.by прыносіць свае прабачэнні, калі пра вашую арганізацыю стала вядома праз наш сайт і настойліва рэкамендуе: 1. Выдаліць інфармацыю пра сваю арганізацыю. 2. Пагаварыць з кіраўніцтвам пра афармленне сертыфікатаў на “Нанакад” (бясплатна) або пра набыццё танных аналагаў “AutoCAD”.

Гэта не першы выпадак, калі органы праверкі канфіскуюць тэхніку з неліцэнзійным праграмным забеспячэннем. “Тэхніка канфіскоўваецца, каб праверыць сапраўднасць ліцэнзіяў, – патлумачылі ў АБЭЗ Маскоўскага раёну Менску. – Калі на камп’ютары заўважныя так званыя пірацкія версіі, мы накіроўваем адмысловы зварот кампаніям-распрацоўнікам, каб тыя зрабілі захады дзеля абароны сваёй прадукцыі. Да развязання сітуацыі тэхніка застаецца ў нас”.

“Белсат” звярнуўся да праграміста Міхаіла Жэбрака з просьбаю пракаментаваць магчымыя санкцыі з боку камп’ютарных кампаніяў. “Я ведаю, што “Microsoft” у такіх выпадках выказвае незадаволенасць, просіць не парушаць закону, але ніякіх санкцыяў яны фактычна не могуць ужыць. Такая ж сістэма з распрацоўнікамі антывірусаў – гэтыя праграмы найчасцей нелегальна сцягваюць з інтэрнэту. Але калі працаўнікі АБЭЗ прыйшлі з прадстаўнікамі “Autodesk”, то тут відавочная ўзаемная зацікаўленасць абодвух бакоў. Не бяруся казаць пра “адкат” для гэтай фірмы, але кліенты ад такой кампаніі адмовяцца адразу”.

belsat.eu

Стужка навінаў