Лівія: Кавярня для паўстанцаў


За некалькі кіламетраў ад лініі фронту, на захад ад Місраты, лівійскія паўстанцы спыняюцца на станцыі тэхабслугоўвання, дзе таксама адкрылася імправізаваная кавярня. Лёгкія закускі ды аліву для аўтамабіляў рэвалюцыянеры атрымліваюць тут бясплатна – усё неабходнае прыносяць сюды жыхары трэцяга паводле велічыні гораду ў Лівіі.

Жыхары Місраты штодня нясуць таксама хатнюю выпечку, цукеркі, каву, ваду і сокі. Абу Ахмэд, які арганізаваў працу кавярні, кажа, што за дзень ён і валанцёры выдаюць не менш як 2000 шклянак кавы.

Раней Ахмэд працаваў у нафтавай кампаніі, цяпер жа вырашыў адкрыць адмысловую “Рэвалюцыйную кавярню”. “Замест каб ехаць у цэнтр гораду, нашыя жаўнеры, што маюць кароткі адпачынак, спыняюцца тут, а потым зноў вяртаюцца на лінію фронту”, – гаворыць Ахмэд.

Другі жыхар Місраты, былы бізнесовец Махмуд, займаецца “тэхнічна-механічнаю” часткаю працы станцыі. Найчасцей праз моцную спякоту яму даводзіцца мяняць аліву ў рухавіках паўстанцаў.

“Гэтая кавярня нагадвае мне, за што я змагаюся”, – гаворыць адзін з паўстанцаў, што спыніўся выпіць кубак кавы. Ён запэўнівае, што такі жэст жыхароў Місраты ўмацоўвае ягоны дух. “Штосьці цудоўнае прачнулася ў жыхарах Місраты, – мяркуе ягоны паплечнік. – Яны больш не баяцца, і яны ведаюць, за што змагаюцца”.

belsat.eu

Стужка навінаў