Станіслаў Багданкевіч: сітуацыя ў эканоміцы "архікрызісная"


“У нас па-ранейшаму разбураны спажывецкі ды грашова-валютны рынкі, няма адзінага курсу, захоўваецца спекуляцыя, не спыненая інфляцыя і рост цэнаў”, – абгрунтаваў сваё меркаванне экс-кіраўнік Нацыянальнага банку Беларусі. Павелічэнне стаўкі рэфінансавання да 20 % праблемы не вырашыць. Патрэбная сістэмная комплексная праграма, мяркуе эканаміст.

Замест прыняцця такой праграмы ўрад і Нацбанк “спрабуюць з дапамогаю падману і адміністрацыйных захадаў суцішыць насельніцтва і бізнес, але гэта задачы, якія немагчыма выканаць”, – сказаў Багданкевіч.

Пры гэтым ён не лічыць, што адстаўка ўраду вырашыць эканамічныя праблемы краіны. “Яны проста выканаўцы, а ў нас няма ва ўрадзе асобаў, якія служылі б справе, эканоміцы, народу, яны служаць асобе”, – зазначыў Багданкевіч.

Нежаданне ўладаў расказаць людзям праўду пра сітуацыю спадар Багданкевіч растлумачыў няведаннем таго, што рабіць, і страхам. Паводле Багданкевіча, у чыноўнікаў мала ідэяў, але яшчэ менш палітычнай волі прызнаць памылкі, неэфектыўнасць таталітарнай мадэлі развіцця эканомікі ды грамадства і пачаць рэалізоўваць комплексную праграму аздараўлення.

Такім чынам, першым і галоўным крокам выхаду з крызісу мусіць стаць вяртанне да цывілізаванага грашова-валютнага рынку. Для гэтага, паводле Багданкевіча, трэба “няшмат – патрэбная палітычная воля прызнаць правал адміністрацыйна-планавай эканомікі, правесці чарговую сесію валютна-фондавай біржы, дзе будзе ўсталяваны адзіны абменны курс”. Пасля ўлада “магла б шляхам інтэрвенцыяў за кошт наяўных валютных рэзерваў падтрымліваць больш-менш стабільны курс, прычым нават у тых межах, якія яна абвесціла – да 12 %”, – сказаў Багданкевіч. Адмысловец мяркуе, што “будзе магчымасць умацаваць беларускую валюту хутка – валютны курс будзе 4, а не 5 тысячаў, не атрымліваецца гэтак – будзе 6–7 тысячаў”. Але мусіць быць здаровая эканоміка.

Былы галоўны банкір краіны чарговы раз растлумачыў, чаму для цяперашняга становішча гэтак важны рэальны і адзіны курс: “Бо эканоміка ў нас надзвычай імпартаёмістая, доля імпарту ў ВУП складае ад 50 % да 70 %”. Але разам з нармалізацыяй курсу неабходна, на меркаванне былога кіраўніка Нацбанку, пераглядаць бюджэт і скарачаць дзяржаўная выдаткі, у прыватнасці, на бюракратыю. Да прыкладу, лічыць Станіслаў Багданкевіч, кіраўніцтва краіны магло б адмовіцца ад часам неабгрунтаваных паездак па краіне. “Што, у рэгіёне не ведаюць, што трэба пачынаць уборку? Што, у нас малапісьменнае недалёкае насельніцтва? Гэта абсурднае кіраванне эканомікаю”, – заявіў Багданкевіч.

belsat.eu

Стужка навінаў