Колькасць смяротных ахвяраў выбуху на „Пінскдрэве” павялічваецца


Ахвяраў выбуху на заводзе “Пінскдрэў-ДСП” ужо пяць. Як паведамілі гарадской пракуратуры Пінска, вечарам 28 кастрычніка ў Рэспубліканскім апёкавым цэнтры ў Мінску памерла жанчына 1986 года нараджэння, у якой было абпалена 80% плошчы цела.

Як паведамлялася раней, целы двух рабочых ратавальнікі знайшлі пад заваламі ў дзень пажару, трэці — памёр у бальніцы Пінска ў ноч на 26 кастрычніка, чацвёрты — учора ўвечары ў рэанімацыйным аддзяленні Пінскай цэнтральнай бальніцы.

Цяпер у рэанімацыйным аддзяленні Пінскай цэнтральнай бальніцы застаецца мужчына 1985 года нараджэння, стан здароўя якога медыкі ацэньваюць як вельмі цяжкі.

У гэтай жа бальніцы ў нейрахірургічным аддзяленні ляжыць работніца прадпрыемства 1955 года нараджэння. Сёння яна можа быць выпісаная дамоў.

Пяцёра пацярпелых знаходзяцца ў рэанімацыі Брэсцкай абласной бальніцы. На сённяшнюю раніцу іх стан здароўя застаецца цяжкім. Гэта мужчыны 1987, 1959, 1981, 1976, 1977 гадоў нараджэння.

Дзевяць пацярпелых ад выбуху знаходзяцца ў Рэспубліканскім апёкавым цэнтры ў Мінску. На вечар 28 кастрычніка іх стан здароўя ацэньваўся як вельмі цяжкі.

Пажар на заводзе “Пінскдрэў-ДСП” адбыўся 25 кастрычніка. Як мяркуюць, прычынай стаў “выбух адкладаў драўнянага пылу ў выніку парушэння рэжыму эксплуатацыі абсталявання па вытворчасці драўняна-паліўных гранул”, паведамілі ў МНС.

Стужка навінаў