Транспартнікі просяць падняць цэны на праезд


Паліва падаражала ўдвая, праезд у грамадскім транспарце толькі на 18 %, кажуць яны

У пінскім аўтобусным парку падлічваюць страты за апошні месяц – 500 млрд руб. Працаўнік паведамляе: “Пасля чарговага павышэння коштаў на паліва давялося пайсці на скарачэнне шэрагу маршрутаў. Мы разлічвалі скараціць расходы на 200 млн руб.”.

Транспартнікі лічаць, што цану на праезд трэба падняць і ўвогуле перагледзець методыку разліку кошту месячнага праязнога білета. “Сённяшні кошт – гэта толькі 37,5 % ад рэальнага”, – тлумачаць у аўтапарку. Астатнія грошы мусіць кампенсаваць мясцовы бюджэт. Але, напрыклад, у Горадні ўжо не першы год грошы праходзяць міма тралейбуснага парку. “70 % нашых тралейбусаў трэба спісваць. Яны ўжо рамантаваліся столькі разоў, што яшчэ дзіву даешся, як яны працягваюць ездзіць. Людзі скардзяцца, што зімою ў іх халодна, а летам надта горача. Але мы сітуацыю выправіць не можам, бо на новае абсталяванне грошай няма”, – патлумачыў інжынер Генадзь Цвячкоўскі.

Паводле заяваў віцэ-прэм’ера Анатоля Калініна, які курыруе транспартую галіну, рэзкага павышэння кошту на праезд не будзе. “Мы ведаем хваляванні транспартнікаў, але людзі нас не зразумеюць, калі мы адразу падымем кошт на адзінкавы праезд да 1100 руб., як тое прапаноўваюць у аўтобусных парках. Таму праезд будзе даражаць, але паступова – за месяц на 100 руб., не больш”, – адзначыў чыноўнік. Адміністрацыі транспартных паркаў ён рэкамендаваў скараціць свае выдаткі: напрыклад, адмовіцца ад набыцця новых аўтобусаў ці тралейбусаў.

belsat.eu

Стужка навінаў