Юрый Пунтус падаў у адстаўку


Апошнія гады ён працаваў з берасцейскім “Дынама”. Пасля паразы каманды ў 17-м туры ад “Нафтану” сказаў: “Я так больш не магу”. І напісаў заяву аб звальненні. Юрый Пунтус лічыцца адным з найлепшых беларускіх трэнераў.

Спартовы аглядальнік Уладзімір Хаванскі адзначае: “Менавіта Пунтус узняў знакамітую сёння каманду БАТЭ, шмат разоў яна станавіла чэмпіёнам пры ім. У свой час ён быў першым, хто вывеў моладзевую зборную краіны ў чэмпіянат Еўропы. Таксама трэнаваў нацыянальную зборную”. У Берасце спадар Пунтус прыехаў два гады таму, каб працаваць з мясцоваю камандаю. Патрабаванні клубу былі высокія: вывесці “Дынама” (Берасце) у прызёры чэмпіянату Беларусі. Трэнер абяцаў гэта здзейсніць: “Праз два-тры гады мы будзем уваходзіць у тройку лідараў”, – казаў ён тады. Але цяпер каманда на апошнім месцы ў чэмпіянаце.

Неафіцыйная прычына звальнення, пра якую распавялі эксперты, – канфлікт трэнера з гульцамі. Ён прапанаваў ім вусную дамову: кепска будзеце гуляць, напалову скарачаем заробкі. Супраць выступіў асноўны гулец, Раман Васілюк: “Тады і сабе скарачайце напалову заробак”. У выніку Васілюка адхілілі ад гульняў, і апошнія паўгода ён выступае за каманду “Менск”. Пунтус пазбавіўся і іншых асноўных гульцоў “Дынама” (Берасце). “Ён апошнія гады трэнаваў гульцоў высокага класа. У Берасці каманда, трэба прызнацца, сярэдняга ўзроўню. Пасля таго, як сышлі асноўныя гульцы – Рыбак, Пудышаў і Васілюк, – сітуацыя толькі пагоршылася. Ніякага сэнсу яму заставацца ў Берасці не было”, – лічыць Уладзімір Хаванскі.

У клубе паведамляюць, што часова абавязкі трэнера выконвае Сяргей Кавальчук. Пунтус жа на развітанне сказаў: “На гэтым жыццё і футбол не сканчаюцца!” Дарэчы, паводле кантракту ён не дапрацаваў 1,5 году.

belsat.eu

Стужка навінаў