У Пінску зносяць гістарычныя каштоўнасці


Рэспубліканская рада ў пытаннях гістарычна-культурнай спадчыны “дае дабро” мясцовым уладам.

Будынкі месцяцца ў самым цэнтры гораду, іхны стан блізкі да аварыйнага. Старшыня гарвыканкаму Аляксандр Гордзіч сам кіраваў узгадненнем зносу – з ягонай ініцыятывы ў горад прыехалі адмыслоўцы з Міністэрства культуры. Міністр Павел Латушка быў у Пінску ў траўні. Была скліканая адмысловая камісія пры радзе, якая і падтрымала ініцыятыву чыноўнікаў.

Спрэчкі наконт гэтых будынках вяліся даўно. Сталічныя гісторыкі настойвалі на тым, што стогадовыя будынкі трэба захаваць. У раённым аддзеле культуры не згодныя з гэтаю думкаю: “Карысці ніякай ад гэтых будынкаў. Дамы па вуліцах Іркуцка-Пінскай дывізіі, 2 і Ровецкай, 6 і 8 – у аварыйным стане. Рэканструкцыя будзе каштаваць вельмі дорага, таму гэта немэтазгодна”. Пакуль ішлі перамовы паміж гісторыкамі ды ўладамі, дамы сталі зрабіліся небяспечнымі, але іх толькі абнеслі плотам – на большае не хапіла грошай, кажуць у райвыканкаме.

Спрэчку вырашылі чыноўнікі з Міністэрства культуры. “Фасады дамоў пабудовы пачатку ХХ ст. на вуліцы Ровецкай, 6 і 8, усё ж неабходна захаваць для наступнай рэстаўрацыі. Часткова абваліўся будынак на Іркуцка-Пінскай дывізіі, 2, яго дазволена знесці. Фасад дому на вуліцы Першамайскай, 34, які перашкаджае будаўніцтву дарогі, гораду трэба будзе аднавіць на новым месцы ў гістарычным цэнтры. Пусты будынак на вуліцы Завальнай, 27, у непасрэднай блізкасці ад якога пройдзе пяціпалосная праезная частка, таксама будзе прыбраны са спісу ахоўных”, – кажа старшыня кіраўніцтва ў ахове гістарычна-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Ігар Чарняўскі.

Старшыня таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч мяркуе, што міністэрства не мела ніякага права ўзгадняць знос будынкаў. “Знос гістарычна-культурных каштоўнасцяў забаронены законам. Але ў навуковай радзе пры Мінкульце цяпер няма ніводнага сумленнага чалавека. Таму яны прымаюць рашэнні, якія выгадныя ўладам. Тое самае было з электрастанцыяй у Менску. Папросту там цяпер працуюць афіцыйныя навукоўцы і чыноўнікі – без прынцыпаў і прадажныя”.

belsat.eu

Стужка навінаў