Дачка капітана «Булгарыі»: Ён не хацеў плыць


У Расеі адбываюцца пахаванні загінулых на цеплаходзе “Булгарыя”. Дачка капітана судна заявіла журналістам, што ейны бацька патрабаваў ад кіраўніцтва, каб турыстычную выправу адмянілі.

“Праблема ў тым, што яму проста загадалі плыць, і ўсё. Гэта відавочна, па-мойму, – гаворыць Алена Астроўская. – Там кіраўнічка – Святлана, кіраўнічка кампаніі… Яны сабралі грошы, і ёй было нявыгадна адмяняць тур. Яна загадала. Хоць бацька, паводле чутак, тэлефанаваў ёй, хацеў адмяніць, але атрымалася гэтак”.

На караблі было 205 чалавек, сярод іх каля 50 дзяцей. 79 пасажырам удалося ўратавацца, сілы расейскага Міністэрства надзвычайных сітуацыяў працягваюць пошукі целаў астатніх. На цеплаходзе таксама былі два беларусы, аднаго з іх выратавалі, цела другой пасажыркі апазналі сваякі.

Паводле Таццяны Астроўскай, удавы капітана “Булгарыі”, ён меў магчымасць выжыць, але не пакінуў карабля. “Ён мог уратавацца, як гэта зрабілі ўсе тыя, хто быў з ім побач. Ён добра плавае. Ён проста да канца, цвёрда і гераічна, вытрымаў сваю грамадзянскую пазіцыю і рабіў усё магчымае, каб выратаваць людзей, – гаворыць Таццяна Астроўская. – Калі зразумеў, што карабель цярпіць крушэнне, ён замкнуўся ў рубцы, узяў штурвал і стоячы за штурвалам пайшоў пад ваду”.

belsat.eu

Стужка навінаў