Мінінфарм адклікаў пазоў аб закрыцці “Народнай Волі”


З адпаведным хадайніцтвам выступіў 13 ліпеня на паседжанні Найвышэйшага гаспадарчага суда прадстаўнік Міністэрства інфармацыі. Суддзя Алена Маёрава задаволіла хадайніцтва.

Пазовы аб закрыцці недзяржаўных газетаў “Народная Воля” і “Наша Ніва” Мінінфарм падаў у Найвышэйшы гаспадарчы суд у канцы красавіка. Фармальнаю падставаю для гэтага стаў арт. 51 закону “Аб сродках масавай інфармацыі”, які прадугледжвае спыненне выхаду выдання ў выпадку атрымання рэдакцыяй на працягу года двух і больш пісьмовых папярэджанняў. Папярэджанні вынеслі “Народнай Волі” за публікацыю матэрыялаў, дзе крытыкавалася ўлада.

Каментуючы рашэнне Мінінфарму аб адкліканні пазову, галоўны рэдактар “Народнай Волі” Іосіф Сярэдзіч зазначыў, што ўлады, хутчэй за ўсё, палічылі патрэбным замест закрыцця пакараць газету эканамічна. Ён паведаміў, што ўчора ў рэдакцыю прыходзілі працаўнікі ГУУС Менгарвыканкаму, якія склалі пратакол аб адміністратыўнай адказнасці юрыдычнай асобы, што прадугледжвае шматмільённыя штрафы.

Сярэдзіч упэўнены, што “Народная Воля” працуе прафесійна і ў згодзе з законам. “Больш асцярожным быць нельга. Вядома, рэдактар мусіць улічваць пэўныя акалічнасці, але я не магу ўзяць на сябе абавязку цэнзара. Мы дзялі ды будзем працягваць дзеяць прафесійна”, – падкрэсліў ён.

Як паведамлялася раней, 12 ліпеня Міністэрства інфармацыі адклікала аналагічны пазоў да газеты “Наша Ніва”.

Увечары на сайце Мінінфарму з’явілася афіцыйнае паведамленне, у якім тлумачацца прычыны адклікання пазову аб спыненні выхаду “Нашай Нівы”. Пазоў адкліканы з увагі на “зварот рэдакцыі выдання і магчымасць пазасудовага ўрэгулявання сітуацыі, зыходзячы з прынцыпу свабоды масавай інфармацыі”.

belsat.eu

Стужка навінаў