Беларусы давяраюць «Белсату»


Найноўшыя даследаванні, праведзеныя недзяржаўным сацыялагічным цэнтрам «ЗЕРКАЛО-ИНФО» паказваюць, што 87 % гледачоў «Белсату» давяраюць тэлеканалу. Праграмы «Белсату» глядзяць 8,8 % дарослай тэлевізійнай аўдыторыі Беларусі, а больш за 90 % гледачоў спадарожнікавай тэлевізіі ў нашай краіне заяўляюць, што ведаюць марку «Белсат».

Паводле даследавання, праведзенага 23–31 траўня 2011 г. сацыялагічным цэнтрам «Зеркало-инфо» на рэпрэзентатыўнай групе з 501 гледача тэлеканалу «Белсат», праграмам незалежнай спадарожнікавай тэлевізіі ў рознай ступені давяраюць 87 % рэспандэнтаў. Кожны трэці рэспандэнт заявіў пра поўны давер да «Белсату». Даследаванне таксама выявіла, што 30 % гледачоў тэлеканалу пачалі глядзець «Белсат» у 2010 г., а 14 % – цягам першых пяці месяцаў 2011 г., прычым больш за палову рэспандэнтаў далучыліся да кола гледачоў тэлеканалу дзякуючы асабістай рэкамендацыі знаёмых. Сярод чыннікаў, якія прыцягваюць гледачоў да тэлеканалу, рашуча дамінуюць наступныя: адрозны ад афіцыйных медыяў светапогляд (60 %) і актуальнасць ды праўдзівасць інфармацыі (51 %).

Чарговыя важныя звесткі прынесла даследаванне, праведзенае цэнтрам «Зеркало-инфо» з 30 траўня да 13 чэрвеня на рэпрэзентатыўнай групе з 1500 рэспандэнтаў ва ўзросце ад 18 гадоў. З іх вынікае, што праграмы «Белсату» глядзяць 8,8 % тэлевізійнай аўдыторыі ў Беларусі. Прычым 3,1 % заяўляюць, што глядзяць «Белсат» рэгулярна, а 5,5 % – час ад часу. Можна прыняць, што ў абсалютных лічбах  агульная колькасць гледачоў складае каля 660 тыс. асобаў.

Для параўнання больш чым год таму, у красавіку 2010-га, толькі 2,3 % рэспандэнтаў заявілі, што стала глядзяць «Белсат».

Даследаванне таксама паказала, што праграмы тэлеканалу глядзіць больш за палову гледачоў спадарожнікавай тэлевізіі ў Беларусі, а менш за 10 % уладальнікаў спадарожнікавых антэнаў ніколі не чулі пра «Белсат».

Стужка навінаў