«Суддзя галаву апусціла... Прызнаць вінаватым, штраф – 1 млн 50 рублёў»


Асуджаны за плясканне аднарукі гарадзенец распавёў “Белсату” пра суд і акалічнасці затрымання.

“Вуліца была ўжо амаль пустая, я фатаграфаў тое, што адбывалася, і тут яны неяк незаўважна да мяне падбеглі ды схапілі пад рукі, – распавядае гарадзенец Канстанцін пра затрыманне. – Той, другі, што справа быў, ён адчуў хіба, што там пратэз, і кажа: асцярожна, інвалід. І пацягнулі мяне ў аўтобус”.

З пастарунку Канстанціна выпусцілі бліжэй да першай гадзіны ночы з позваю ў суд. Супраць аднарукага мужчыны сведчылі два міліцыянты. “Першы старэйшы быў, буйны хлопчык. Суддзя яго пытае: “Гэтага таварыша ведаеце?” Ён кажа: “Не, не памятаю”. Выклікалі наступнага. Зайшоў, той драбнейшы, і гадоў васямнаццаці-дзевятнаццаці – зусім малады. Нейкі кіроўца палка ППСМ. “Былі на Савецкай вуліцы?” – “Так, быў”. “Гэтага бачылі?” – “Бачыў”. – “Што ён рабіў?” – “Ён пляскаў і выкрыкваў”. І тут бацька мой падскочыў: “Што ж ты хлусіш! Не мог ён гэтага рабіць, ён інвалід!” Міліцыянт секунды на дзве “завіс” і кажа: “А ён так пляскаў”, – Канстанцін ударае сябе далонню ў грудзі.

belsat.eu

Стужка навінаў