Беларусь і Украіна абмяняліся ўколамі


Паводле інфармацыі ўкраінскіх медыяў, прычынаю таму сталі некарэктныя выказванні беларускага лідара на адрас украінскага прэзідэнта. Беларускі эксперт не выключае, што праблема не толькі ў гэтым.

Як паведамляюць украінскія выданні, украінская амбасада засталася без аташэ ў пытаннях абароны і вайсковага аташэ месяц таму. Тады ж з Кіева быў высланы працаўнік амбасады Беларусі Андрэй Каюк. Дыпламатычны скандал нібыта справакаваў Аляксандр Лукашэнка, які напрыканцы красавіка абвінаваціў Віктара Януковіча ў “вашывасці”.

Палітолаг Аляксандр Класкоўскі мяркуе, што высылка сапраўды адбылася праз выказванні лідара Беларусі. Ён звяртае ўвагу на тое, што яна прайшла без прынятых у такіх сітуацыях фармальнасцяў: “Не было абмену нотамі, у якіх пазначаецца, з якой прычыны былі высланыя дыпламаты. Адбыўся, так бы мовіць, “абмен ударамі падступна”. Гэта пацвярджае, што непразрыстая і нецывілізаваная палітыка па-ранейшаму правіць баль на постсавецкай прасторы”.

Разам з тым Аляксандр Класкоўскі кажа, што “ахвярамі канфлікту” сталіся вайсковыя аташэ, якіх звычайна высылаюць за разведвальную дзейнасць. Палітолаг гаворыць, што хоць Украіна і Беларусь – былыя савецкія рэспублікі, сістэмы ўзбраення ў іх падобныя, і ВПК у некаторых праектах працуюць каардынавана, але гэта не выключае канкурэнцыі ды “спецыфічнага інтарэсу” да распрацовак у ваеннай сферы з абодвух бакоў.

“Але гэта толькі версіі, якія маюць права на існаванне да таго часу, пакуль гэтыя “злівы” ва ўкраінскую прэсу не будуць пацверджаныя афіцыйнымі выказваннямі”, – падсумоўвае Аляксандр Класкоўскі.

belsat.eu

Стужка навінаў