БНФ мае план «Б»


Партыя шукае варыянты арэнды офісу, але сыходзіць з цяперашняга памяшкання добраахвотна не збіраецца. Пра гэта паведаміў старшыня партыі Аляксей Янукевіч.

“Рашэнне адстойваць офіс у нас застаецца. Мы звярнуліся з касацыйнаю скаргаю ў Найвышэйшы гаспадарчы суд, – кажа ён. – Мы не сыходзім з гэтага памяшкання, нягледзячы на тое, што даўно ад нас патрабуюць, каб мы яго пакінулі. На мінулым тыдні ў чацвер быў ліст ад судовых выканаўцаў, яны патрабуюць цягам тыдня вызваліць памяшканне, але мы не збіраемся самі адсюль сыходзіць, і гэтае нашае рашэнне застаецца цвёрдым. Мы тут будзем заставацца да той пары, пакуль фізічна ў нас будзе такая магчымасць. Гэтае рашэнне было прынятае адразу, і яно не змяняецца. Мы, безумоўна, спадзяемся – заўсёды ёсць надзея, хоць не вельмі вялікая, што Найвышэйшы гаспадарчы суд пераменіць рашэнне, і нам будзе дазволена падпісаць новую дамову арэнды. Але незалежна ад рашэння судовага, ад рашэння судовых выканаўцаў ці іншых інстанцыяў, мы будзем тут заставацца, пакуль такая магчымасць ёсць. Мы не збіраемся, як заяўлялі, гвалтоўна ці фізічна супраціўляцца, калі нас адсюль будуць выдаляць”.

“Што да запасных варыянтаў, мы іх шукаем. Вельмі шмат выпадкаў, калі арэндадаўца дасылае нам свой праект дамовы арэнды – і ў апошні момант адмаўляецца. Мы думаем, што гэта звязана з пэўным ціскам, які аказваецца на ўласнікаў памяшкання. Мы звярталіся ў Камітэт дзяржмаёмасці з лістом з просьбаю выдзеліць нам памяшканне і ўчора атрымалі адказ, што на балансе Дзяржкаммаёмасці ў Менску – складскія і падвальныя памяшканні, і неабходных нам памяшканняў яны не маюць. Але пэўны рэзервовы варыянт у нас ёсць. Пакуль што гэты офіс функцыянуе так, як ён функцыянаваў заўсёды, аднак план “Б” у нас ёсць на той выпадак, калі нас адсюль выдаляць”, – адзначыў Аляксей Янукевіч.

Гаспадарчы суд Менску 10 траўня пастанавіў выселіць Партыю БНФ, грамадскае аб’яднанне “БНФ “Адраджэнне”, а таксама іх менскія гарадскія і абласныя структуры са сталічнага офісу на праспекце Машэрава, 8. Калегія Гаспадарчага суда 21 чэрвеня адмовіла ў задавальненні касацыйнай скаргі партыі.

Сталічны офіс на праспекце Машэрава арандаваўся Партыяй БНФ з 1992 г. Дзейны тэрмін арэнды закончыўся 31 сакавіка 2011 г. ЖРЭА Савецкага раёну адмовілася падпісваць новую дамову арэнды, падаўшы пазоў аб высяленні структураў Партыі БНФ з памяшкання. Свае дзеянні ЖРЭА растлумачыла жаданнем выкарыстоўваць офіс “для ўласных патрэбаў”.

belsat.eu

Стужка навінаў