З шыі «Нашай Нівы» знялі пятлю


Эксперты спадзяюцца, што такі ж лёс напаткае і “Народную Волю”.

“Спадзяюся, што падзеі з “Народнаю Воляю” будуць развівацца паводле такога ж сцэнару, хоць у нашай краіне можа быць усялякае. Аднак я вельмі спадзяюся на лепшае”, – заявіла “Белсату” шэф-рэдактарка выдання Святлана Калінкіна.

Журналістка мяркуе, што на рашэнне Міністэрства інфармацыі адклікаць заяву аб закрыцці “Нашай Нівы” паўплывала некалькі фактараў. Найперш значную ролю адыгралі шматлікія звароты чытачоў “Народнай Волі” і “Нашай Нівы” да міністра інфармацыі ды ў Адміністрацыю прэзідэнта з патрабаваннем спыніць пераслед газетаў.

Святлана Калінкіна таксама не выключае, што ўладныя эксперты зразумелі: сёння не так проста забараніць інфармацыю, бо ёсць інтэрнэт. І калі закрыюць газеты, гэта не значыць, што сайты выданняў стануць мякчэйшыя. Наадварот, яны стануць больш крытычныя. Яшчэ адзін вельмі важны момант, на думку шэф-рэдактаркі, гэта тое, што Беларусі зноўку трэба наладжваць дачыненні з Захадам, бо краіне патрэбныя крэдыты: “Калі закрываюць газеты, калі ў краіне існуюць палітвязні, ніякіх перамоваў быць не можа”.

Намеснік старшыні ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Андрэй Аляксандраў гаворыць, што рабіць прагнозы – справа няўдзячная. Аднак прызнаецца, што апошнія судовыя рашэнні спрыяюць аптымістычнаму настрою: “Андрэя Пачобута пакінулі на волі, знялі пятлю з шыі аднаго незалежнага выдання, спадзяюся, што і з “Народнаю Воляю” адбудзецца тое ж”.

Нагадаем, 13 ліпеня ў Найвышэйшым гаспадарчым судзе распачнецца судовы працэс на пазоў Міністэрства інфармацыі аб спыненні выпуску газеты “Народная Воля”. Пачатак паседжання а 10-й раніцы.

belsat.eu

Стужка навінаў