Менгарвыканкам распрадае маёмасць


Улады шукаюць грошы, каб закрыць фінансавыя дзіркі ў бюджэце.

На ўчорашняй нарадзе мэр сталіцы Мікалай Ладуцька выказаў ідэю: “Трэба прапанаваць грамадзянам кватэры, якія мы маем на балансе. А таксама правесці перамовы са сталымі арандатарамі нашых памяшканняў”.

Улады прапаноўваюць юрыдычным асобам, які арандуюць памяшканне больш за пяць гадоў, выкупіць яго. Кошт – $ 6000 за квадратны метр, гэта амаль у тры разы вышэй, чым на рынку нерухомасці. Які будзе кошт на кватэры для фізічных асобаў, пакуль не вырашылі. “Попыт, мы ўпэўненыя, будзе, – мяркуе старшыня ўпраўлення жыллёвай палітыкі Аляксандр Аўраменка. – На рынку другаснага жылля цяпер назіраецца паступовы ўздым”.

Куды ж пойдуць атрыманыя грошы? Прэсавая служба гарвыканкаму называе некалькі аб’ектаў: “Пагашэнне пазыкаў УП “Белрыба”, набыццё новага абсталявання для УП “Кінавідэапракату” і фінансавая дапамога УП “Менскія інфармацыйныя тэлевізійныя сеткі” – у іх ёсць запазычанасць у аплаце паслугаў расейскіх пракатчыкаў”.

Эксперты мяркуюць, што гэта толькі невялікія ўкладанні. “Прыватызацыя, прыцягненне інвестараў даюць прыбытак у некалькі разоў большы, але падобна на тое, што ўлады адкладаюць такія ўгоды на максімальна аддалены тэрмін, – кажа эканаміст Ірына Урбан. – Мэрыі варта было б сканцэнтравацца на буйных праектах, бо цікавасць да Менску ў інвестараў ёсць. Праўда, на ўмовах стабільнасці – а гэтага беларуская эканоміка пакуль прадэманстраваць не можа”.

Стужка навінаў