Суд над «Нашаю Ніваю» (абноўлена)


Сёння ў Вышэйшым гаспадарчым судзе завершыўся працэс па ліквідацыі «Нашай Нівы». Падставаю для разбіральніцтва сталася тое, што цягам года выданне атрымала тры папярэджанні ад Міністэрства інфармацыі нібыта за парушэнне заканадаўства аб СМІ.

15:17
Суд задаволіў хадайніцтва аб адкліканні пазову. «Нашу Ніву» не зачыняюць. Рэдакцыя мусіць кампенсаваць міністэрству судовыя выдаткі памерам 700 тыс. руб.

15:07
Суддзя выйшаў, каб вырашыць, ці задаволіць хадайніцтва Міністэрства інфармацыі. Калі яно будзе задаволенае, міністэрства можа адклікаць сваю позву. У найлепшым выпадку працэс спыніцца, але Міністэрства інфармацыі зможа яго ўзнавіць у любы момант.

15:03
Бакі завілі хадайніцтвы. Міністэрства інфармацыі просіць спагнаць з рэдакцыі газеты дзяржаўную пошліну памерам 700 тыс. руб. «Наша Ніва» адклікала хадайніцтва аб перанясенні разбірання.
Прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі адмаўляюцца ад каментароў. «Усе пытанні – да суддзі», – кажуць яны.

14:56
Міністэрства інфармацыі ў судзе прадстаўляюць намеснік начальніка прававога аддзелу Пархімовіч і начальнік аддзелу Мялешка. Ад «Нашай Нівы» – галоўны рэдактар выдання, дырэктар выдавецтва «Суродзічы» Андрэй Скурко і адвакат Зіхавіцкі. Суддзя – Віктар Курыла.

14:50
Знайшлі іншую залу для паседжанняў. Усіх, хто прыйшоў падтрымаць газету, міліцыянты правяралі на ўваходзе і перапісвалі пашпартныя звесткі. Ад Міністэрства інфармацыі прысутнічаюць тры чалавекі.

14:40
Каля 50 чалавек прыйшлі ў суд, каб падтрымаць газету, у тым ліку экс-кандыдаты на прэзідэнта Рыгор Кастусёў і Уладзімір Някляеў, прадстаўнік шведскай амбасады, шмат журналістаў. Цяпер у судзе шукаюць большую залу.

Апошняе папярэджанне «Наша Ніва» атрымала за публікацыю «недакладнай інфармацыі пра тое, што адна з ахвяраў тэракту 11 красавіка нібыта была на станцыі да позняга вечара» (вытрымка з афіцыйнага ліста Міністэрства інфармацыі).

Учора стала вядома, што незалежнай газеце пагражае яшчэ і штраф памерам ад 100 да 500 баз. вел. Другое папярэджанне вынеслі выданню 6 ліпеня за тое, што ў выходных звестках аднаго з нумароў газеты не быў пазначаны падпісны індэкс.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары