Званкі замест апладысментаў


Арганізатары прапанавалі новы фармат «народных гулянняў».

Заўтра, як і тыдзень таму, менчукам прапанавалі разысціся па сваіх раёнах. А 18:30 пачынаецца збор каля найбуйнейшых гандлёвых цэнтраў у Менску. Напрыклад, каля гіпермаркету «Карона», універмагу «Беларусь» ды інш. Паўгадзіны ўдзельнікі будуць паводзіцца, як звычайныя пакупнікі, і разам з тым – гуртавацца ў групу. А 19:00 з усіх канцоў Менску ўдзельнікі сядуць у метро ў бок цэнтру гораду. «Такім чынам мы збяром крытычную масу з двух бакоў – плошчы Перамогі ды Акадэміі навук, – кажа актывіст Вячаслаў Дзіянаў. – Людзі буду рухацца насустрач. І не будуць нічым выдзяляцца з натоўпу». Арганізатары перасцерагаюць гэтым разам не пляскаць у ладкі – менавіта гэта выклікала масавыя затрыманні на папярэдніх акцыях. «Усе ўдзельнікі паставяць будзільнікі на 20:00, і адначасова на праспекце пачуецца музыка. Галоўнае цяпер – не прыцягваць увагі міліцыянтаў воплескамі», – працягвае Дзіянаў.

Новы фармат выклікаў крытыку ў інтэрнэце. План называюць занадта складаным, баязлівым і неэфектыўным. «Шмат якія людзі не чытаюць інтэрнэт, – кажа ўдзельніца суполкі «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» Настасся Дземідзенка. – Гэта людзі, як правіла, сталага веку, але яны таксама гатовыя выйсці з пратэстам. Традыцыйна пратэстуюць на плошчах гораду. Людзі ўжо па звычцы пойдуць туды». Актывістка Таццяна Елавая адзначае, што разробленасць людзей па горадзе – не найлепшы варыянт для акцыі. Затрыманні на мінулым тыдні пацвердзілі, што збор у розных кропках гораду не спыняе беларускіх міліцыянтаў. Да таго ж некаторыя патэнцыйныя ўдзельнікі акцыі мяркуюць, што масавы праезд у метро можа быць папросту небяспечным. «Метро, дарэчы, могуць проста перакрыць – такое часта робяць падчас акцыяў», – выказвае меркаванне адзін з удзельнікаў гулянняў Уладзімір Грышкевіч.

Але арганізатары просяць прыслухацца да сваіх прапановаў. «Нам трэба змяняць фармат акцыяў, каб не быць прадказальнымі для міліцыі. Мы збіраемся ў розных частках гораду яшчэ і для таго, каб далучыць да акцыі паболей прыхільнікаў», – тлумачыць Дзіянаў.

Як стала вядома з папярэдніх затрыманняў, людзей прымушаюць падпісваць хлуслівыя пратаколы. Затрыманы музычны крытык Вітаўт Мартыненка распавёў, што яму міліцыянт сказаў: «Не падпішаш – павесім на цябе справу аб забойстве». Менавіта таму праваабаронцы раяць не паддавацца паніцы і ўважліва чытаць, што напісана ў пратаколе. «Затрыманы мае права не падпісваць таго, з чым ён не згодны. Або ў пратаколе сваёй рукою выправіць паказанні, падмацаваўшы гэта сваім подпісам, – тлумачыць юрыстка Святлана Шлома. – Калі затрыманаму пагражаюць, гэта таксама трэба пазначыць у пратаколе. Таксама можна напісаць скаргу на пратакол. І хадайнічаць у судзе пра далучэнне скаргі да справы. Існуе прэцэдэнт, калі менавіта такая скарга паўплывала на рашэнне суда, і грамадзяніна, затрыманага на акцыі, вызвалілі ў зале паседжання».

Разам з тым, на акцыі важна мець пры сабе пашпарт. Не здзяйсняць гвалтоўных дзеянняў у адносінах да міліцыі. Быць цвярозым і не лаяцца матам – усё гэта могуць скарыстаць на карысць абвінавачвання ў судзе. «Максімальна карэктныя паводзіны, аднак абавязковае патрабаванне выканання закону – вось чаго трэба прытрымлівацца», – кажа эксперт.

belsat.eu

Стужка навінаў