Асуджаныя за пратэст трымаюць галадоўку


Паводле інфармацыі праваабаронцаў, ужо больш за тыдзень сухую галадоўку трымае Юрый Салодкі, затрыманы вечарам 3 ліпеня на Прывакзальнай плошчы Менску. Ён асуджаны на 13 дзён арышту і ўтрымліваецца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў па вуліцы Акрэсціна.

Праваабаронцы таксама паведамляюць пра галадоўку групы асуджаных у Гарадзенскім ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ). Такая інфармацыя з’явілася пасля таго, як супрацоўнікі ІЧУ перасталі прымаць прызначаныя ім прадуктовыя перадачы. Пазней у ізалятары пацвердзілі: перадачы арыштантам не прымаюцца з той прычыны, што яны адмовіліся ад ежы.

Сярод тых, хто адбывае пакаранне ў гарадзенскім ІЧУ, – паэт і публіцыст Юрый Гумянюк (атрымаў 12 дзён адміністратыўнага арышту), грамадска-палітычны актывіст Дзмітрый Бандарчук, а таксама некалькі журналістаў, сярод якіх Алесь Дзянісаў, асуджаны на 10 дзён арышту.

З 8 чэрвеня, за ўвесь перыяд правядзення акцыяў маўклівага пратэсту, арганізаваных інтэрнэт-суполкаю «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку», у Беларусі затрымалі каля 1730 чалавек, у тым ліку 77 журналістаў.

belsat.eu

Стужка навінаў