Як прадаць «Беларуськалій»?


Аляксандр Лукашэнка мае сёння сустрэцца з кіраўніком расейскага «Сбербанка» Германам Грэфам. Апошні нядаўна пацвердзіў гатовасць найбуйнейшага банку Расеі фінансаваць угоду продажу «Беларуськалію» – у выпадку, калі будзе дасягнутая згода наконт кошту.

Пра тое, што расейскі бізнесовец Сулейман Керымаў раней звярнуўся ў «Сбербанк России» з просьбаю прафінансаваць набыццё пакету акцыяў «Беларуськалію», раней журналістам паведаміў намеснік кіраўніка гэтага банку Андрэй Данскіх. Пры гэтым ён падкрэсліў, што агучаны беларускім бокам кошт «Беларуськалію» (30 млрд долараў) «мусіць быць удакладнены».

На афіцыйным сайце Аляксандра Лукашэнкі тэма перамоваў не называецца. Тым часам «Сбербанк России» спадзяецца зрабіцца дарадцам беларускага ўраду ў пытаннях прыватызацыі.

Менавіта маштабная прыватызацыя ёсць адною з асноўных умоваў выдзялення Беларусі крэдыту ад ЕўрАзЭС. «Асноўным фактарам прытоку капіталу ёсць прыватызацыя, таму ёсць і прыватызацыйныя ўмовы: яны звязаныя з тым, каб цягам трох гадоў прыватызаваць маёмасць на суму 7,5 мільярдаў долараў – па 2,5 мільярды на год. Гэтая ўмова, несумненна, захаваецца», – падкрэсліў раней міністр фінансаў Расеі Аляксей Кудрын.

belsat.eu

Стужка навінаў