Грамадзянін Украіны таксама «лаяўся матам» у цэнтры Менску


Прынамсі так вырашыў беларускі суд. Украінец Раман Міраненка шпацыраваў па Менску падчас акцыі «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку». Яго затрымалі, а пасля прыгаварылі ў судзе Савецкага раёну Менску да 10 дзён арышту. Нядаўна Міраненку наведаў консул Украіны ў Беларусі Мікалай Канцар.

Міраненка запэўніў дыпламата, што не браў удзелу ў акцыі, а вяртаўся дадому, але па дарозе яго затрымалі праваахоўныя органы. Паводле Мікалая Канцара, «пасольства звярталася ў МЗС Беларусі з просьбаю вызваліць з-пад варты гэтага грамадзяніна, але пакуль адказу няма». Няма адказу і на запыт, які быў адпраўлены ў суд таго раёну, які асудзіў Міраненку, заявіў консул.

Асуджаны грамадзянін Украіны не выказаў ніякіх скаргаў на ўмовы ўтрымання. Адзінае, «прасіў дапамагчы наконт харчавання, бо ён вегетарыянец», паведаміў дыпламат. Адміністрацыя ўстановы абяцала ўзяць да ўвагі гэтую просьбу.

Тэрмін пакарання Рамана Міраненкі заканчваецца 13 ліпеня.

belsat.eu

Стужка навінаў