Каля 130 беларускіх дзяцей атруціліся на балгарскім курорце


11 ліпеня ў амбасаду Беларусі ў Балгарыі паступіла інфармацыя пра масавае атручванне беларускіх дзяцей, якія адпачываюць у гатэлі «Green Park» у Кітэне (паўднёвая частка чарнаморскага ўзбярэжжа Балгарыі).

У гэтым гатэлі адпачываюць тры групы беларускіх дзяцей агульнаю колькасцю каля 130 чалавек ва ўзросце да 18 гадоў. Харчаванне ажыццяўляецца паводле прынцыпу «ўсё ўключана». Тым не менш, выхавальнікі сцвярджаюць, што не ўсе дзеці былі забяспечаныя пітною вадою.

«Дзеці і кіраўнікі групаў адзначылі, што ў пятніцу і суботу водаправодная вада мела ўстойлівы непрыемны пах. У суботу прыкладна цягам трох гадзінаў у гатэлі злівалі водаправодную ваду. У гэты ж час былі адзначаныя першыя выпадкі захворвання дзяцей з прыкметамі высокай тэмпературы, моцнай рвоты, агульнай слабасці», – паведамілі ў пасольстве.

Паводле інфармацыі беларускіх дыпламатаў, пік захворвання прыпаў на нядзелю, 10 ліпеня. Агулам захварэлі ад 70 да 80 % беларускіх дзяцей. Медычную дапамогу аказвалі дактары, выкліканыя беларускаю страхавою кампаніяй «ТАСК», а таксама лекар, які суправаджаў адну з беларускіх групаў. Хворым выдалі таблеткі, зрабілі ўколы, некаторым паставілі кропельніцы.

Паводле выхавальнікаў, дзякуючы своечасовай медычнай дапамозе ўдалося пазбегчы шпіталізацыі дзяцей.

Як падкрэслілі ў амбасадзе, цяпер сітуацыя пад кантролем. Стан большасці хворых дзяцей здавальняючы, у некаторых захоўваюцца астаткавыя з’явы. Балгарскі бок скарэктаваў харчаванне з улікам характару захворвання.

Паводле прадстаўніка балгарскай страхавой кампаніі «Корис», у гатэлі ўзялі пробы вады і ежы для даследавання.

Наколькі вядома, масава атруціліся на гэтым курорце не толькі беларускія дзеці, але і дзеці з Расеі, Украіны ды іншых краінаў.

belsat.eu

Стужка навінаў