Нацбанк павышае стаўкі рэфінансавання... шосты раз сёлета


Паводле ўпраўлення інфармацыі Нацбанку, рашэнне аб павышэнні 13 ліпеня стаўкі рэфінансавання з 18 да 20 % гадавых прынятае «ў межах правядзення паслядоўнай адсоткавай палітыкі, скіраванай на паступовае павышэнне агульнага ўзроўню адсоткавых ставак у эканоміцы ў мэтах спрыяння абмежаванню інфляцыі ды стымулявання ашчадных працэсаў у краіне».

«Планамернае павышэнне адсоткавых ставак будзе спрыяць узмацненню прывабнасці рублёвых укладаў насельніцтва і арганізацыяў у банках, умацаванню курсу нацыянальнай валюты і тым самым росту даверу да яе з боку ўсіх эканамічных агентаў», – гаворыцца ў паведамленні Нацбанку.

Пры гэтым у галоўным банку краіны звяртаюць увагу на тое, што «паступовасць павышэння стаўкі дазваляе ўлічваць інтарэсы пазычальнікаў, якія ўжо маюць крэдытную запазычанасць перад банкамі».

Гэта ўжо шостае з пачатку 2011 г. павышэнне стаўкі рэфінансавання. Раней яна павялічвалася 16 сакавіка (з 10,5 да 12 %), 20 красавіка (да 13 %), 18 траўня (да 14 %), 1 чэрвеня (да 16 %) і 22 чэрвеня (да 18 % гадавых).

Міжтым асноўнымі кірункамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2011 г. прадугледжанае зніжэнне стаўкі рэфінансавання да канца года да 8–10 % гадавых.

У красавіку першы намеснік кіраўніка Нацбанку Мікалай Лузгін заявіў, што ўзровень стаўкі будзе фармавацца не толькі з улікам фактычных, але і чаканых тэмпаў інфляцыі. Паводле звестак Белстату, рост спажывецкіх цэнаў у Беларусі склаў у чэрвені 8,6 %, а за першае паўгоддзе 2011 г. – 36,2 %.

Стаўка рэфінансавання – гэта інструмент грашова-крэдытнага рэгулявання, пры дапамозе якога Нацбанк уплывае на стаўкі міжбанкаўскага рынку, а таксама стаўкі па дэпазітах юрыдычных і фізічных асобаў ды крэдытах, якія даюць ім крэдытныя арганізацыі.

belsat.eu

Стужка навінаў