У крамах «duty free» больш няма цыгарэтаў


Такім чынам, улады спрабуюць абмежаваць вываз тавару за мяжу

Як стала вядома «Белсату», на гарадзенскім чыгуначным вакзале ў краме «duty free» больш не прадаюць цыгарэтаў. Такая ж сітуацыя назіраецца і ў іншых памежных пунктах.

Раней «чаўнакі» актыўна закуплялі тытунёвыя вырабы менавіта на гарадзенскім вакзале, бо крама месціцца ўжо пасля памежнага кантролю – проста ля выхаду да цягнікоў. Нягледзячы на тое, што камеры відэаназірання размешчаныя каля крамы і ўваходаў, чаўнакі блокамі скуплялі цыгарэты і перапакоўвалі іх, каб схаваць. «Забарона людзей не спыніць, – упэўнены мясцовы жыхар Сяргей В. – Набыць цыгарэты можа і ў іншым месцы, а кантролю амаль ніякага і цяпер няма».

У гарадзенскай рэгіянальнай мытні аднак сцвярджаюць, што кантроль вядзецца на высокім узроўні. «Усіх пасажыраў нашыя супрацоўнікі правяраюць. Нават з прымяненнем металадэтэктараў», – заявіў намеснік старшыні ў пытанні выхаваўчай працы Віктар Гурэеў. Праўда, колькі правапарушальнікаў затрымалі цягам апошняга месяца, высветліць не атрымалася. «Гэтыя звесткі мы не агалошваем. Гэта для ўнутранага карыстання», – патлумачыў чыноўнік.

Нагадаем, што месяц таму Савет Міністраў увёў абмежаванні на вываз цыгарэтаў з Беларусі за мяжу – не болей як два пачакі на аднаго чалавека. Такія захады былі прынятыя ў звязку з магчымым дэфіцытам тытунёвых вырабаў. Аднак вядома, што найбуйнейшае беларускае тытунёвае прадпрыемства – гарадзенская фабрыка «Нёман» – сёлета істотна павысіла аб’ём вытворчасці – амаль на 40 %. За паўгода лічба вырабленых цыгарэтаў перавысіла 10 млрд штук.

belsat.eu

Стужка навінаў