Мікіта Ліхавід: Хутчэй прыбірайце вусатае пудзіла


Юнак зноўку змешчаны ў карцар, гэтым разам на 20 дзён. Пра гэта ягоная маці Алена Ліхавід даведалася 8 ліпеня, калі прыехала ў калонію разам з адвакаткаю Дар’яй Ліпкінаю.

“У адміністрацыі нам патлумачылі, што гэта тэрмін за чатыры парушэнні, якія здзейсніў Мікіта. Увогуле, у мінулую пятніцу было роўна два месяцы, як сына змясцілі ў калонію, і толькі восем дзён з іх ён пабыў, так бы мовіць, “на волі”, – распавяла “Белсату” маці палітвязня Алена Ліхавід. Жанчына гаворыць, што адвакатцы дазволілі сустрэцца са “штрафніком”.

“Вядома, моцна схуднеў, вядома, вельмі бледны і з чорнымі кругамі пад вачыма. Але ад сваіх прынцыпаў адступаць не збіраецца. І я зразумела, што пераканаць яго мы наўрад ці зможам”, – зазначае спадарыня Ліхавід. Палітвязень праз адвакатку перадаў, каб на яго звярталі менш увагі, не пераймаліся, што ён у карцары, бо ён ужо прызвычаіўся быць там. У камеры вязні ШЫЗА дасталі шкло з акна, таму дыхаюць свежым паветрам, дый кормяць іх нармальна. “Дар’я Ліпкіна гаворыць, што настрой у Мікіты добры, ён усміхаўся, перадаваў усім прывітанні ды нават жартаваў. Сказаў, каб хутчэй там змагаліся на волі ды прыбіралі гэтае вусатае пудзіла, бо ён ужо заседзеўся ў турме”, – распавядае Алена Ліхавід.

Жанчына вельмі хвалюецца за здароўе сына і неаднаразова размаўляла з гэтай нагоды з лекарам калоніі. Той запэўніў маці, што імкнецца амаль штодня наведваць карцар, што зняволены Ліхавід пачуваецца няблага, а бледны, бо шмат дзён застаецца без сонца і свежага паветра. “Я сёння спытала ў яго, як мне перадаць сыну вітаміны, лекар сказаў, што іх прымуць толькі пасля пісьмовай заявы Мікіты. Аднак у карцары пісаць забаронена”, – зазначае спадарыня Ліхавід.

Мікіту Ліхавіду ў Наваполацкую калонію прыходзіць шмат лістоў, але пакуль палітвязень застацца ў карцары, прачытаць іх не можа. “Днямі да сына забягаў ягоны атрадны, паведаміў, што прыйшоў ліст ад Аляксандра Мілінкевіча, і там столькі разумных думак: маўляў, давай, Мікіта, вяртайся ў атрад хутчэй, будзем чытаць”. Са словаў маці, Мікіта Ліхавід павінен выйсці з ШЫЗА 20 ліпеня.

Актывіст руху “За свабоду” за ўдзел у Плошчы быў асуджаны на тры з паловаю гады зняволення з адбыццём пакарання ў Наваполацкай калоніі. Хлопец лічыць сябе незаконна асуджаным і таму адмаўляецца выконваць распараджэнні адміністрацыі спецустановы. Дасылаць лісты Мікіту Ліхавіду трэба на адрас: Папраўчая калонія № 10, 211440, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8. Атрад № 6.

belsat.eu

Стужка навінаў