У Беларусі ўпершыню адбудзецца «Маркетынгавы ўоркшоп»


«Маркетынгавы ўоркшоп» – майстэрня маркетынгу і рэкламы. Цэнтральнае месца зоймуць майстар-класы Андрэя Надзеіна «Сучасныя еўрапейскія тэндэнцыі: рэклама без рэкламы, або Як не заўважыць крызіс» і Маргарыты Васільевай «Перамогі малых сілаў, або Сакрэты эфектыўнай рэкламы».

Як зазначылі арганізатары, фармат ўоркшопу мае на ўвазе інтэнсіўнае ўзаемадзеянне спікераў і аўдыторыі. Маркетолагі-практыкі, якія імкнуцца развязаць актуальныя на сёння задачы, змогуць знайсці рашэнні ў гэтым фармаце дзякуючы ўнікальнаму трэнінгу. Апрача таго, удзельнікі змогуць пагутарыць са спікерамі і ў нефармальнай атмасферы, абмеркаваць пытанні, якія застануцца за рамкамі трэнінгу – зазначылі ў агенцтве «Белая Карона».

Маргарыта Васільева і Андрэй Надзеін – легендарныя персоны расейскага маркетынгу. Ужо 20 гадоў яны актыўна займаюцца практыкаю брэндынгу. Разам стварылі кансалтынгавую кампанію «Паприка брендинг», сталі аўтарамі адной з самых запатрабаваных кніг пра рэкламу «Бренд. Сила личности» і выдаюць адзіны ў Расеі аналітычны часопіс пра рэкламу «Рекламные идеи/YES».

Не адно пакаленне маркетолагаў і рэкламістаў лічыць Андрэя Назеіна сваім настаўнікам. Больш як 10 гадоў ён уваходзіць у склад журы аднаго з самых прэстыжных і вядомых фестываляў рэкламы ў Еўропе «Epica Awards».

Маргарыта Васільева працуе з рознымі кампаніямі (кандытарскія вырабы, касметычныя лініі, камбінаты харчовых прадуктаў, пастаўнікі, аўтамабільныя холдынгі, мэблевыя цэнтры, банкі, фармацэўтычныя холдынгі, малочныя кампаніі, будаўнічыя арганізацыі ды інш.), і кожную з іх яна змагла паспяхова вывесці на расейскі рынак. Сярод ейных працаў – рэкламныя кампаніі «Гаспадыні любяць «Лоск», «Калі дарыць, то самае лепшае», сок «Добры».

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары