Валерыя Шчукіна вывезлі ў бязлюдны раён Менску


Увечары 8 ліпеня пасля пяцідзённага адміністрацыйнага арышту з Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна ў Менску мусіў выйсці 69-гадовы праваабаронца Валерый Шчукін, якога затрымалі 3 ліпеня на Прывакзальнай плошчы падчас акцыі маўклівага пратэсту. Незадоўга да заканчэння тэрміну пакарання аўтаматчыкі ў міліцэйскай форме вывезлі яго ў бязлюдны раён гораду і пакінулі там.

Шчукін паведаміў, што тэрмін зняволення мінаў а 19:35. “Хвілін за 20 да гэтага мяне папрасілі прайсці ўніз з рэчамі — звычайная працэдура перад вызваленнем. Аддалі тэлефон, і тут высветлілася, што мяне чакаюць двое з аўтаматамі, а з імі невядомы ў цывільным. На ім не было напісана, што ён з КДБ, ён маўчаў, але міліцыянты ўвесь час глядзелі на яго, і было ясна, што гэта вялікая “шышка”. Мне сказалі, што трэба праехаць у РУУС. Я адказаў, што нікуды не паеду і буду чакаць завяршэння тэрміну тут. Дзяжурны заявіў, што я абавязаны падпарадкавацца, бо тэрмін арышту яшчэ не скончыўся. Я пачаў тэлефанаваць блізкім. Дзяжурны заламаў рукі, вырваў тэлефон, які я ўжо потым знайшоў у торбе. Гэтыя двое з аўтаматамі зацягнулі мяне на задняе седала міліцыйнага аўтамабіля, у якім быў кіроўца, таксама ў форме. Чалавек у цывільным застаўся ў ЦІП. Адзін з міліцыянтаў, вагою кілаграмаў 90, сказаў мне: ці ты садзішся сам, ці я сяду на цябе. Сядзець пад дупаю міліцыянта мне было не вельмі цікава, і я сеў сам. Рэчы закінулі ў багажнік. Ехалі нядоўга. Прывезлі ў раён завулку Соф’і Кавалеўскай, прыкладна за кіламетр ад апошняга прыпынку аўтобуса, дзе мяне з рэчамі і пакінулі – паміж плотам і ярам. Імітацыі расстрэлу не было, але ўсё адно задавальненне не з прыемных. Я патэлефанаваў сваім, мяне забралі і прывезлі да муроў ЦІП, дзе чакалі астатнія”, – расказаў Валерый Шчукін.

Гэта здарэнне ён назваў “абсалютным бязмежжам”. У той жа час Шчукін лічыць, што спецслужбы абралі няправільную мішэнь: “Знайшлі каго палохаць – кадравага афіцэра. Мне ўжо амаль 70 гадоў. Усё адно, памру я ў 70 ці мяне расстраляюць у 69”.

На Прывакзальнай плошчы 3 ліпеня Шчукін абараняў ад невядомых у цывільным свайго ўнука, судовы працэс у дачыненні праваабаронцы зацягнуўся на чатыры гадзіны.

belsat.eu

Стужка навінаў