Кітайскія сувеніры замест беларускіх


З кожным годам знікаюць аўтэнтычныя кірмашы з беларускімі вырабамі

Усё часцей замест беларускіх сувеніраў на выставах можна ўбачыць вырабы з Кітаю. Гэтак сталася ў вёсцы Камарова Мядзельскага раёну. Мясцовыя майстры Эдуард і Ала Вайцяхоўскія шэсць гадоў таму прапанавалі правесці імпрэзу “Камарова. Кола дзён”. “Яны прыдумалі не проста кірмаш-выставу народных рамёстваў і промыслаў, каб самадзейныя ўмельцы змаглі прадаць свой тавар, а турысты набыць незвычайныя сувеніры, – яны стварылі сапраўднае свята з тыповым заходнебеларускіх вясковым каларытам, які быў цікавы гасцям з нарачанскіх дамоў адпачынку і мог прыцягнуць турыстаў са сталіцы ды іншых гарадоў”, – апавядае жыхарка Мядзелу Зоя Валачэвіч. Сканчалася свята моладзевым рок-фэстам “Рок супраць камароў”. Турфірмы звычайна сумяшчалі наведванне фестывалю з класічнай экскурсіяй на Блакітныя азёры, а таксама ўлучалі яго ў звычайныя экскурсійныя маршруты. “Але спачатку быў забаронены рок-фэст, а сёлета арганізацыю ўсёй культурнай праграмы выставы-кірмашу ўзяў на сябе раённы аддзел культуры, – працягвае спадарыня Валасевіч. – Уся аўтэнтычнасць знікла. Напрыклад, з’явіліся гандляры з кітайскімі цацкамі-сувенірамі вельмі дрэннай якасці”.

Дырэктар выдавецтва “РыфТур” Сяргей Плыткевіч лічыць, што мясцовыя і раённыя ўлады прынцыпова не зацікаўленыя ў поспеху якіх-небудзь нефармальных ініцыятываў. “Гучыць парадаксальна, але гэта факт: мясцовым адміністрацыям не патрэбныя незвычайныя, незалежныя праекты. Бо ў выпадку росту папулярнасці такія імпрэзы паказваюць, што ініцыятыўныя групы грамадзянаў могуць абыходзіцца без уладаў. А гэта супярэчыць ўсёй структуры кіравання краінаю, калі кожны ніжэйшы вінцік чакае руху або загаду зверху”.

belsat.eu

Стужка навінаў