Чарга ў турму


У Горадні асуджаным за “маўклівую рэвалюцыю” не стае месцаў у СІЗА.

Пра гэта “Белсату” паведаміў адзін з арыштаваных 6 ліпеня, Аляксей Л. “Мяне затрымалі, калі я пачаў заступацца за дзяўчыну. Чалавек у цывільным цягнуў яе за валасы. Мне адразу заламалі рукі ды пацягнулі ў аўтобус, – кажа хлапец. – Суд праходзіў у чацвер. Ніякія мае аргументы суддзя і чуць не хацела. Міліцыянты, якіх я бачыў упершыню, сведчылі, што я лаяўся матам. За гэта мне і далі 7 содняў арышту”. Аднак высветлілася, што арыштаваных гэтак шмат, што ім не стае месца ў СІЗА. “Сказалі, што я павінен дачакацца серады, калі частка затрыманых ужо адсядзіць. І ўжо тады я мушу адбыць свае содні”, – распавёў суразмоўца.

Апошняя акцыя ў цэнтры Горадні сабрала каля тысячы чалавек. Паводле праваабарончага цэнтру “Вясна”, міліцыянты затрымалі больш за 100 удзельнікаў. “У дачыненні людзей ужывалася жорсткая фізічная сіла, дзясяткі чалавек атрымалі пашкоджанні ды павінны былі звяртацца па дапамогу да медыкаў. Да позняга вечара ў міліцыйных пастарунках праходзілі разбіральніцтвы і складаліся пратаколы, паводле якіх удзельнікаў асудзілі за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, дробнае хуліганства”, – адзначаецца ў прэсавым рэлізе арганізацыі.

Сярод арыштаваных быў вядомы прафесар Гарадзенскага дзяржаўнага медычнага ўніверсітэту Алесь Астроўскі. Сітуацыю з затрыманнямі ён апісвае так: “Жахліва, хапаюць мінакоў людзі ў цывільным, не называюцца, без якіхсьці абвінавачанняў, гвалтам закідваюць у аўтобусы. Зразумела, што гэта страх, які сядзіць там, на самым версе, за сваю ганебную, злачынную ўладу. І вось гэты страх яны хочуць накінуць на ўсіх жыхароў краіны, на ўсё грамадства, каб паралізаваць яго”.

Па апошняй акцыі пратэсту ў краіне не вынеслі аніводнага апраўдальнага прысуду. Большасць удзельнікаў пакаралі арыштамі на 5–10 содняў або штрафамі ад 17 базавых велічынь (каля 600 тыс. руб.) і больш.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары