Ціхая дыскрымінацыя


“Ніводзін ліцэй, ніводзін коледж у Беларусі не абсталяваны ў поўнай ступені дзеля таго, каб забяспечыць магчымасць людзям з інваліднасцю вучыцца разам з іншымі ў межах інтэграванай сістэмы”, – зазначае праваабаронца Алена Танкачова.

У шэрагу праблемаў, з якімі сутыкаюцца ў Беларусі інваліды, мае працаваць адмысловы Офіс правоў людзей з інваліднасцю. Як зазначыў каардынатар праекту Сяргей Драздоўскі, асноўная місія Офісу – дапамога людзям з абмежаванымі магчымасцямі ў абароне іхных правоў. У Офісе будзе працаваць бясплатная юрыдычная прыёмная, дзе будуць працаваць юрысты-валанцёры.

“Давайце, напрыклад, паглядзім на выбарчыя ўчасткі: ці хтосьці думае, калі іх рыхтуе, што ў памяшканні, не абсталяваныя пандусамі, могуць і павінныя прыйсці не толькі людзі, што могуць свабодна падняцца усходамі, але і іншыя. Ці паглядзіце на станцыі метро – падобная сітуацыя”, – гаворыць Алена Танкачова. Праваабаронца падкрэслівае, што Офіс правоў людзей з інваліднасцю будзе займацца не толькі кансультаваннем, але і збіраць інфармацыю пра сучасныя тэхналогіі ды тэхнічныя навінкі. “Напрыклад, гэта тэхналогіі адукацыйныя, якія б дазвалялі атрымліваць адукацыю ды інфармацыю на роўні з людзьмі без фізічных абмежаванняў”, – дадае Алена Танкачова.

Праваабаронца падкрэсліла, што ў Беларусі ёсць ўвесь шэраг праблемаў, характэрных для краінаў з постсацыялістычнаю мінуўшчынаю. “У гэтых краінах да сённяшняга дня не зробленае самае неабходнае, каб забяспечыць правы людзей з інваліднасцю, – дадае Алена Танкчова. – Калі ж мы кажам пра праблемы людзей з інваліднасцю, мы кажам, што ў аўтарытарных рэжымах любыя меншасці адчуваюць на сабе большы ціск ды абмежаванні”.

belsat.eu

Стужка навінаў