Аляксандр Класкоўскі: Апазіцыі ніхто не будзе чакаць


На хвалі “маўклівых пратэстаў” з’яўляюцца новыя лідары, а разлік апазіцыі на рост незадаволенасці сярод насельніцтва бліжэй да восені можа не апраўдацца. Палітолаг Аляксандр Класкоўскі лічыць, што ўлады маюць магчымасць адсунуць у часе магчымыя восеньскія пратэсты.

“Апазіцыя разумее, што трэба не толькі патрабаваць вызвалення палітвязняў, але займацца рэальнаю працаю ў масах, – кажа Аляксандр Класкоўскі. – Аднак “каляндарны план” апазіцыі можа не спрацаваць, калі ўлады атрымаюць крэдыт альбо нешта прададуць з маёмасці. Улады, груба кажучы, могуць “кінуць костку” працоўнаму класу”. Пры гэтым палітолаг упэўнены, што калі сапраўды пачнуцца масавыя выступленні, беларуская дэмакратычная апазіцыя рызыкуе застацца ўбаку. “Могуць з’явіцца новыя лідары і новыя формы самаарганізацыі. Наўрад ці гэтыя людзі будуць чакаць, пакуль да іх прыйдуць апазіцыйныя лідары”, – падкрэсліў эксперт.

“Тым, што “ніжэй за калена” за некалькі месяцаў апусцілі ўзровень жыцця, яны падарвалі давер нават у тых, хто раней галасаваў за гэтак званую беларускую стабільнасць. Не будзе больш гэтай “стабільнасці”, не будзе спакойнага жыцця ва ўладаў”, – падкрэсліў Аляксандр Класкоўскі. З іншага боку, ну думку эксперта, улады яшчэ могуць “купіць” лаяльнасць беларусаў, прадаўшы частку дзяржаўнай маёмасці, каб скіраваць гэтыя сродкі на часовае паляпшэнне жыцця насельніцтва.

belsat.eu

Стужка навінаў