Успомнілі пра беларусаў за мяжою


Нацыянальны сход разгледзіць праект закону «Аб беларускіх суайчынніках замежжа» ў 2012 г., паведаміў на прэс-канферэнцыі 8 ліпеня намеснік міністра культуры Тадэвуш Стружэцкі. Сустрэча з журналістамі была прысвечаная Першаму фестывалю мастацтваў беларусаў свету, які мае адбыцца 9–10 ліпеня ў Менску і Віцебску.

«Беларуская дыяспара ёсць не толькі ў краінах-суседзях, але і ў Аўстраліі, Канадзе, шматлікіх далёкіх краінах, – нагадаў Стружэцкі. – Паводле прыкладных падлікаў, за мяжою жывуць каля трох мільёнаў беларусаў. Нам вельмі важна, каб яны захавалі сваю беларускасць, мову, свае гістарычныя традыцыі ды шырока прадстаўлялі Беларусь за мяжою». Закон «Аб беларускіх суайчынніках замежжа» мае ўтварыць прававую базу для ўзаемадзеяння дзяржавы і беларусаў, якія жывуць за мяжою, адзначыў чыноўнік.

Паводле намесніка міністра, дэпутаты «адназначна пацвердзілі, што праект гэтага закону ў наступным годзе будзе абавязкова ўнесены на разгляд парламенту». Стружэцкі адзначыў, што праект, «несумненна, яшчэ патрабуе дапрацоўкі»: «Мы лічым, што беларусы замежжа павінны мець самае непасрэднае дачыненне да распрацоўкі гэтага праекту – мы павінны адаптаваць гэты праект з іхнымі прапановамі».

Праект аднойчы ўжо перадаваўся ў Савет Міністраў, але яго вярнулі на дапрацоўку, паведаміў намеснік упаўнаважанага ў справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў Уладзімір Ламека. Паводле яго, культурныя стасункі з беларусамі замежжа развіваюцца «і так няблага», таму новая рэдакцыя будзе больш глыбокая ў праблемным спектры. У прыватнасці, яна будзе ўключаць «вырашэнне дэмаграфічных, гандлёва-эканамічных праблемаў», звязаных з беларусамі замежжа.

belsat.eu

Стужка навінаў