Плата за навучанне ў БДУ павялічыцца на 11 %


На завочным аддзяленні – на 10 %, у магістратуры – на 5 %. Пра гэта паведаміў рэктар БДУ Сяргей Абламейка ў сваім відэаблогу на афіцыйным сайце ўніверсітэту.

Паводле Абламейкі, гэта значна менш, чым у цэлым па краіне. «Мы ўзялі на сябе вялікую частку павелічэння платы за камунальныя паслугі, закупкі і гэтак далей з унутранага рэзерву», – заявіў рэктар БДУ.

Раней міністр адукацыі Сяргей Маскевіч заявіў, што кошт навучання ў беларускіх ВНУ вырасце ў сярэднім на 20 %. Канчаткова вызначыць новыя кошты міністр абяцаў да канца ліпеня.

Апошняе павелічэнне платы за навучанне адбылося падчас зімовай сесіі 2011 г. Тады адукацыя падаражэла на 20–25 %.

Аднак студэнты з аптымізмам глядзяць у будучыню, спадзеючыся на дадатковую працу або скарачэнне асабістых выдаткаў.

Найбольш дарагія беларускія ўніверсітэты: Беларускі дзяржаўны медычны ўніверсітэт, Беларуская акадэмія музыкі, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Паводле вынікаў сёлетняга навучальнага года самая танная адукацыя прапаноўвалася ў Віцебскай дзяржаўнай ветэрынарнай акадэміі ды на некаторых спецыяльнасцях Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэту.

belsat.eu

Стужка навінаў