Дэмакратычныя сілы клічуць на «Народны сход»


За тры месяцы да акцыі прадстаўнікі аргкамітэту сустрэліся з журналістамі, каб абвесціць пра старт інфармацыйнай кампаніі.

Сярод патрабаванняў «Народнага сходу» – спыненне росту цэнаў, забеспячэнне годных заробкаў і пенсіяў, магчымасць абмену валюты, недапушчэнне беспрацоўя, прыпыненне продажу прадпрыемстваў, гарантыя свабоднай працы незалежным медыям і рассакрэчванне прэзідэнцкага фонду.

Паводле арганізатараў, паседжанні аргкамітэту для рыхтавання «Народнага сходу» прайшлі не толькі ў Менску, але і ў 20 гарадах краіны.

Аргкамітэт быў створаны ў траўні, а саму акцыю плануецца правесці 8 кастрычніка ў сталіцы, ва ўсіх абласных гарадах і 48 райцэнтрах. На абмеркаванне «Народнага сходу» будуць вынесеныя праграмы выхаду краіны з палітычнага і эканамічнага крызісу.

Акрамя таго, на сустрэчы з журналістамі сустаршыня аргкамітэту Віктар Івашкевіч даў ацэнку апошнім акцыям маўклівага пратэсту. Паводле палітыка, «некалькі тысячаў чалавек на вуліцах Беларусі не могуць змяніць сітуацыю, уступіўшы ў супрацьдзеянне з дзясяткамі тысяч падрыхтаваных карнікаў». Іншая рэч, калі маніфестантаў будзе ў 10–20 разоў больш. Менавіта так, паводле Івашкевіча, 6 ліпеня развіваліся падзеі ў Берасці, Наваполацку і Пінску, «калі міліцыі было менш, чым дэманстрантаў, і спробы кагосьці затрымаць людзі спынялі, таму там не было масавага хапуна».

Людзі ў рэгіёнах аб’ядноўваюцца, нягледзячы на ціск уладаў, заявіў Яўген Канстанцінаў з Наваполацку. Паводле яго, у шэрагі дэмакратычных сілаў прыходзіць усё болей моладзі. Самога Канстанцінава нядаўна звольнілі з працы. «Працаваць перашкаджаюць, але працаваць трэба», – падкрэсліў рэгіянальны актывіст.

belsat.eu

Стужка навінаў